Тоня ўсхапiўся з саломы i выскачыў на двор. Работа валiлася з яго рук. На чорта рабiць. Трымаючыся аберуч за галаву, ён пайшоў у глыб двара. Там важна стаяў сабе пад сваёй страхой даведзены да поўнага ладу мураваны скляпок. Здавалася, што нават i страха яго служыць па-залiхвацку набакiр. Каб ён быў выгараў, гэты скляпок, уся гэтая драбяза, якая жыццё глынула i шчасця не дала! Тоня ўбег у хату i кiнуўся да люстэрка. На яго глянуў аброслы, каравы твар, злямцаваныя валасы, сарочка чорная, як скаварада.

"Якое дзiва, што Насця не горнецца да мяне!"

Яму стала працiўна ўсё, работу ён зненавiдзеў, корпаўся на ёй нехаця, абы не пайшло ўсё марна. Тоня хадзiў як атручаны.

Кончылася восень, усталёўвалася зiма. Тоня Базылькевiч яшчэ нiколi не меў такога суму. Ён не мог вытрымаць у адзiноце свае хаты. Ён усё часцей i часцей заглядваў у люстэрка, праз кожныя дзён чатыры пачаў брыцца, вечарамi, прыадзеўшыся, выходзiў на вулiцу. Праўда, нi да якой кампанii ён не прыставаў: ён быў старэйшы за ўсiх тых, што збiралiся вечарамi гуляць, i яшчэ баяўся, што сярод хлопцаў знойдуцца тыя самыя крыкуны, што могуць абсмяяць яго мянушкай. Папацёмку ён праходзiў некалькi разоў з канца ў канец вулiцу, па шмат разоў спыняўся супроць Насцiнай хаты, стараючыся разглядзець праз асвечаную з сярэдзiны шыбу, што там робiцца i чым занята Насця.

Аднойчы, стоячы так пасярод вулiцы i прыглядаючыся да акон Насцiнай хаты, ён пачуў недзе як бы нейкi трэск. Было падобна, што дзесьцi, не зусiм далёка, ломяць дзверы або трашчыць так што драўлянае. Гукi iшлi як бы з глыбiнi Бiрылавай сялiбы (Бiрыла жыў праз некалькi хат). Вядома, каб гэта калi-небудзь раней, хоць бы тады, калi дамуроўваўся пакрысе скляпок, Тоня анiяк не ўзяў бы на ўвагу нейкага там шуму з Бiрылавага двара (нават i з чыйго-небудзь iншага). Цяпер жа трэба мець на ўвазе тое, што рабiлася з гэтым чалавекам.



12 из 17