Ён быў як бы ў атмасферы нейкага рэзруху. Так бывае ў доме, з якога толькi што вынеслi хаваць нябожчыка. У гэтыя днi Тоня Базылькевiч нават раз зранку, толькi што ўстаўшы, трымаючы ў руках збанок з вадой, каб прамыць твар i вочы, нi з сяго нi з таго высвiстаў раптоўна разоў тры кракавяка, чаго з iм нiколi за ўсё жыццё не было. Трэба думаць, што думкi яго так iшлi навалай, што ён сам не заўважыў свайго кракавяка, прынамсi, ён хвiлiн тры прастаяў у акамянелай позе са збанком у руках. Цяпер ён, чуючы нейкi падазроны трэск дзесьцi ў нетрах Бiрылавай сялiбы, падаўся адразу туды. Ён ясна ведаў, што асабiста яму няма нiякай справы да гэтага. Але тут можа быць так: там робiцца што-небудзь важнае - можа, крадуць што, цi так што падобнае. Тады ён, дасканала дазнаўшыся пра гэта, кiнецца туды, дзе гуляюць хлапцы i дзяўчаты. Уся кампанiя пойдзе туды - i от ужо Тоня Базылькевiч натуральна ўвайшоў у гэтую кампанiю. Само сабой выйдзе так, што ён астанецца там. I, напэўна, такая яго iнiцыятыва ў гэтай справе зробiць тое, што нiхто не гукне на яго мянушкай, нiхто не будзе пытацца, чаму гэта ён раптам пачаў шукаць кампанii, цягнуцца да моладзi, прыглядацца да дзяўчат, хадзiць вечарамi па вулiцы. Тоня выйшаў на загуменне i пералез цераз Бiрылаў жардзяны плот. Клён стаяў голы, сухое бадылле на ўзмежку растапырвалася ва ўсе бакi i чаплялася за ногi. Па няроўнай мёрзлай зямлi пустога капуснiку Тоня Базылькевiч падышоў да самага Бiрылавага гумна. У гумне гарэў агонь. Тоня ўставiў вока ў шчылiну - мала што ён мог разгледзець так сваiм хворым вокам. "Няўжо зладзеi будуць палiць агонь?" Ён абышоў навакол гумна i падышоў к дзвярам. Яны былi зачынены, але ў iх у адным месцы быў выламан кавалак дошкi. Тоня глянуў праз дзiрку ў сярэдзiну. Доўгi, як жэрдка, Бiрыла стаяў непадалёк ад дзвярэй, пры левай сцяне, i штосьцi калупаўся ў малатарнi. "Сам гаспадар, якое дзiва, што..." Тоня плюнуў i пайшоў назад. Але не ступiў ён i трыццацi крокаў, як шкрабанулiся дзверы, святло пабегла ў шчылiнах сцен, пасля пайшло палосамi па зямлi.


13 из 17