- А многа ў самiх работы каля малатарнi?

- Хадзем паглядзiм.

Пайшлi аглядаць. Выявiлася, што там трэба ўстаўляць усе кулакi, самае кола трэба перасыпаць, шасцярню зрабiць зусiм новую, ды i барабан занадта ўжо нешта гайдаецца ў бакi, калi пхнеш яго рукой, - i яго трэба падмацаваць.

- Тут жа многа работы! - радасна заявiў Тоня Базылькевiч, ужо дыхаючы паветрам вялiкага заработку.

- Ну, што трэба, тое зробiш.

- Гэта ж выходзiць, што, можна сказаць, палавiну малатарнi трэба нанава зрабiць!

- Ну якая там, пане Базылькевiч, палавiна?

I яны пачалi таргавацца. Вытаргоўвалi спачатку па рублю, пасля па паўрубля, пасля спрачалiся хвiлiн пятнаццаць за дзесяць капеек. I от нарэшце старгавалiся. Тоня Базылькевiч пабег дадому канчаць гарадзiць плот.

- Толькi ж, пане Базылькевiч, вы не марудзьце тут мне з малатарняй, самi ведаеце - восень на носе, малацiць трэба будзе.

- Бог дасць, зраблю, - гукнуў у адказ Тоня Базылькевiч.

Да вечара ён яшчэ паспеў дагарадзiць плот, на змярканнi выехаў з драбiнамi i плугам на начлег, досвiткам i пакуль не ўзнялося сонца араў, пасля прыехаў дадому i пайшоў даводзiць да парадку Бiрылаву малатарню. Так пайшлi днi. Тоня Базылькевiч сляпiў свае хворыя вочы ўночы пры агнi, вычэсваючы кулакi. Малатарню ён упарадкаваў i пайшоў разлiчацца з Бiрылам.

- Я табе, пане Базылькевiч, дам цяпер палавiну грошай, а рэшту аддам увосень, як намалачу i прадам.

- Можна i так.

Увосень, пасля таго як дзень пры днi папагула спрытна наладжаная Бiрылава малатарня, Тоня зноў пайшоў па грошы.

- Пачакай, пане-браце, да замаразкаў, - скрывiў набок дробную галаву Бiрыла. - Мы, пане-браце, я ж кажу, сварыцца i па судах цягацца не будзем.

- Добра, - сказаў Тоня Базылькевiч. - Мне абы па судах не цягацца.

Пасля замаразкаў нападаў снег, i Тоня зноў пайшоў да Бiрылы.

- А ведаеш, пане-браце, - сказаў гэтым разам Бiрыла, - нешта мне, як той казаў, не выходзiцца цяпер з грашыма. Хiба ты, пане Базылькевiч, пачакай крыху. Бог дасць здароўе, то аддам, не такi я чалавек, каб на чужое квапiць.



4 из 17