
- То вы ж, пане Бiрыла, чорт што збожжа прадалi!
- Мне трэба на гаспадарскi абыходак, мне трэба гаспадарку трымаць, каб не спусцiцца з яе. Я аддам, але брыдка, пане Базылькевiч, лезцi да чалавека з нажом да горла. А калi чалавеку не выходзiцца, тады як?
- Тады я ў суд падам.
- У суд? А чаму гэта ты не на вайне, пане Базылькевiч? Усе ваююць, а ты дома сядзiш?
Збянтэжаны i ўстрывожаны Тоня змоўк, пасля ледзьве выгаварыў:
- У мяне вочы хворыя. Мяне камiсiя забракавала.
- А цi дорага гэтая камiсiя абыходзiцца? Можа б, я свайму швагру нараiў бы, дзе той камiсii шукаць?
- Можа, вы мне, пане Бiрыла, усё ж такi аддасце грошы?
- Дурань ты! Ты злупiў з мяне такую цану, што... Тым часам!
- Вы не аддасце?
- Я чужога не хачу.
- Калi ж вы аддасце?
- Я на чужое не кваплю.
- Калi ж мне зайсцi да вас?
- Мне чужога не трэба.
Такiм парадкам прайшла i зiма, i вясна, i лета, а Бiрыла ўсё гаварыў Тоню, што ён на чужое не квапiць, а калi Тоня ўзвышаў голас, то Бiрыла пытаў, колькi каштуюць Тонiкавы вочы. Тонiк нарэшце не вытрымаў. Аднойчы звечара ён выехаў на начлег. I прыехаў у той палетак, дзе даспяваў Бiрылаў авёс. Цэлую ноч ён пасвiў каня ў гэтым аўсе, а пад дзень сеў конна i разоў пяцьдзесят прагнаў каня дробным трухам туды i назад уздоўж палетка. Бiрылаў авёс ляжаў, як пласт, скручаны, зблытаны i змалочаны конскiмi капытамi. Тонеў конь аблiваўся потам. Тоня явiўся дадому i трывожна ўзяўся за работу. Бiрыла прыйшоў к яму апаўднi.
- Дзе ты сёння свайго каня ўночы пасвiў?
- На пакошы каля рэчкi.
- Чаму ж у мяне загона аўса няма?
- А адкуль я ведаю?
- Галаву знiму!
- Знiмi сабе, - адрэзаў Тоня, даведзены да роспачы хворымi вачыма, Бiрылам i нязвыклай справай глуму чужога ўраджаю.
