
Цяпер ужо быў i скляпок дамурован, i хляўчук пастаўлен, i новыя падвалiны ў хаце, конь някепскi - можна было жанiцца i абсямейвацца, але нагадзiлася новае няшчасце: к гэтаму часу ён ужо быў не проста Тоня Базылькевiч, а Тоня Дойла. От як адбылася гэта змена Тоневага прозвiшча на мянушку.
Раз, у гарачы поўдзень, ён вёз з лесу даўжэзную хвою. Конь так змучыўся ў хамуце ад цяжкасцi воза i ад балючай назолы аваднёў, што ў вулiцы стаў i не мог нейкi час крануцца з месца. Запараны да сёмага поту, Тоня Базылькевiч прысеў на дзеравячыну i охнуў:
- Ох, каб ты выгарала!
I пачаў выцiраць рукамi лоб. Перадыхнуўшы з хвiлiну, ён пачаў падварушваць каня.
- Но, малы, но! - пагукваў ён, як i заўсёды, нiкога i нiчога не заўважаючы навокал сябе, апроч таго, чым заняты.
- А браткi, а дойла ж ззаду вiсiць! - пачуўся голас нейкага дванаццацiгадовага ўрвiцеля.
- Якое дойла, у каго?
- У каго ж! У Тонiка Базылькевiча.
- Але, хоць ты падой яго, - спавагу абазваўся сталы гаспадарскi голас.
Тоня Базылькевiч азiрнуўся i ўбачыў, што навокал яго аж кiпiць натоўп дзяцей, а наводдалек стаiць гурт мужчын.
- А ў яго заўсёды штаны вiсяць, як у каровы вымя.
Хтосьцi зарагатаў, а самы сталейшы заўважыў:
- Вядома, чалавек вечна пры рабоце. Няма часу носа ўцерцi, а не то каб штаны там яшчэ падцягваць.
З гэтага моманту ўсе пачалi бачыць тое, чаго раней не бралi на ўвагу; сапраўды, у вечна занятага сваёй работай Тонi Базылькевiча штаны нiколi не бываюць на сваiм месцы: крэсла абвiсае да кален. I ён, з-за клопатаў, не заўважае гэтага.
Увечары пад яго акном iшла работа. Натоўпам дзецi (а сярод дзяцей былi i не зусiм дзецi: адзiн з такiх "не зусiм дзяцей" меў сорак тры гады, лысiну i сiвыя вусы) кiшэлi на Тонiкавай прызбе. Кожны стараўся сапхнуць другога з прызбы пад акном, заняць яго месца, замест яго самому ўкласцi губы ў шыбу i гукнуць на ўсе жылы:
