Яна яго тады таксама сапраўды-такi, калi цяпер падумаць, можна сказаць, любiла. У кожным разе, яна тады хацела, каб ён часцей прыходзiў, каб трымаў яе за рукi. Але як жа за яго iсцi было замуж, каб ён нават i пасватаўся? Iрвацца з iм у такой нечалавечай рабоце? А не рвучыся, то навек прападзеш: пойдуць дзецi, трэба будзе iх адзяваць i кармiць, трэба будзе даць iм у рукi якi-небудзь спосаб жыць. Зямлi даць? А дзе яе ўзяць?

Вядома, з такой дакладнасцю Насця нiколi не думала, але атмасфера такога абмеркавання навiсала, стварала пэўныя настроi i паставiла перад вачыма постаць Тонi Базылькевiча ў святле яго вечнай заклапочанасцi, неахайнасцi ад вечнай работы, яго няроўнай паходкi, як быццам яго ногi былi так натруджаны, што на iх i стаяць спрытна ўжо нельга. Так дваiлася Тонева постаць. Чым больш да яго гарнулася душа, тым больш памiж iмi вырастаў парог. I нарэшце Насця пераканала сябе: нiчога не павiнна быць у яе з Тонем. А тым часам Тоня не пасватаўся, i так усё ўсталявалася. Аднойчы за Насцяю пацягаўся крыху нейкi заезджы семiнарысцiк. I гэта надало яе думкам выразны паварот: прыгажосцi сваёй яна нiколi не будзе губiць з Тонем Базылькевiчам. На свеце ёсць настаўнiкi, чыноўнiкi на пошце. А то яшчэ падкруцiўся малады ляснiчы i пачаў на яе прыглядацца. I хоць ён быў проста-такi непрыемны на выгляд (дзюбасты нос i барада як прыпек у добрай варыстай печы), але ж затое ён ляснiчы! Ён падараваў ёй два флаконы духоў - "Резеда" i "Букет моей бабушки". Дзе ўжо там было небараку Тоню ўлазiць у гэтую "резеду".

Цяпер Тоня шапнуў Насцi:

- Нагнiся, Насця, нешта скажу на вуха.

"Зараз нагнецца, я скажу, каб iшла за мяне замуж, яна, мусiць, будзе маўчаць, я абнiму яе, тады яна прыцiснецца да мяне, i скончан увесь iнтэрас". Так думаў Тоня Базылькевiч. А тым часам Насця i сапраўды як бы пачала нахiляцца да яго, але толькi на тое, каб угледзецца ў яго валасы над вушамi i сказаць зусiм не такiм тонам, якiм ён гаварыў ёй пра маршчыны пад вачыма:



9 из 17