
- А та-та-та! Д-давай, давай, давай! Каля лапатак наярвай, кажу табе!
Тут жа, побач, мылiўся Макей Фiлатавiч Валакiткiн - быўшы начальнiк нейкай губернскай канцылярыi, а цяпер рэгiстратар выступаючых папераў у нейкiм бумтрэсце (цi, можа, табактрэсце, хто яго акуратна даведаецца). Больш у лазнi нiкога не было.
Агледзеўшы ўсю гэтую кампанiю, дзядзя Стафанковiч зрабiў "умiлiцельны" твар i цiха загаварыў, паглядаючы на Разнюхайлiна:
- Справядлiва замецiлi, Еўсцiгней Свiрыдавiч, што "толькi i ўсяго". Чалавек я, можна сказаць, такi, што, як кажуць, хлеб-соль еш, а праўду рэж. I калi дзе што якое, адным словам, дык я тут жа, на месцы, гэтае, i больш нiчога. Вось гляньце хоць бы на гэтую лазню. Ды ў мяне на Нямiзе дом, на Ляхаўцы дом i на Серабранцы дом. А гэта значыць, што я тры дамы маю. А раз я тры дамы маю - значыць, я чалавек, а не якi-небудзь пасвiсцёл. I даўней, верце маёй совесцi, што я тут вось мыюся, а на сэрцы ў мяне ўжо iначай мыецца. Што з мяне лазня параю выцягне, тое я вярну: заўсёды, бывала, пасля лазнi, як людзi, пойдзем гуртам ды вып'ем i закусiм. Верна, Еўсцiгней Свiрыдавiч?
- Верна, - адчаканiў з палатак Разнюхайлiн.
- Чалавек я, можна сказаць, Еўсцiгней Свiрыдавiч, прыблiзiцельны. Возьмем вось зноў для прыкладу мяне i, разам са мною, хоць бы вас. Вы думаеце, сягонняшняя лазня вельмi нас пацешыць? I нiчуць, i нiколi. Яна табе толькi i дасць карысцi, што гразь з сябе ў ёй абмыеш. Толькi i ўсяго - як вы, Еўсцiгней Свiрыдавiч, справядлiва замецiлi. А дзе ты пасля яе пад гэтае? Як нi круцi, а прахладзiцца не ўдасца. Што ты, з расейскаю горкаю разгуляешся? Ды я ўручаю галавою, што вазьмi ты яе кватэрку ды ўлi дзiцяцi ў вочы - нiчога не пашкодзiць, а не то што каб гэтае. Вада, i больш нiчога, я на яе i глядзець не хачу. Адным словам, згадзiўся свет. Гэтак i ўсё.
