- Такi храновы свет стаў, - бухнуў басам з густой пары Разнюхайлiн, адным словам, днi свае мiрна дажываем, як у балоце...

- I то, скажыце, гаспада, - перабiў раптоўна Разнюхайлiна Валакiткiн, што знаходзяцца малайцы, што гатоў ён табе вочы выдраць, калi скажаш, што ўсё гэта не так, як трэба каб было, па палажэнню жыцця. Я чалавек, можна сказаць, пастароннi ў вашай, гаспада, гаворцы, але, пры ўсёй маёй скромнасцi, не магу я свайго слова не ўставiць, асаблiва калi гавораць паважаныя, будзем лiчыць, людзi. Чалавек я пажылы, можна сказаць, век свой пражыў, а начальскi гонар - словам, не то што каб дзелам, не сакрушыў. I даўней, i цяпер. А змаўчаць, калi на тое пайшло, усё ж такi не магу. Адным словам, тут усё справядлiва - свет не свет, а чорт ведае што. У Свяшчэнным пiсаннi ўсё было наперад сказана, i больш нiчога.

Высокая фiгура дзядзi Стафанковiча ўся была поўна радаснай увагi. Ён аж забыў, што яшчэ не парыўся, i ўсё стаяў на адным месцы i кiваў галавою. Разнюхайлiн жа быў сур'ёзны. Ён закруцiў свае пруткiя, намокшыя вусы, падмылiў каленi i лёг на бок, а голаў падняў, каб лепш было слухаць.

- Мне хочацца сказаць, як чалавеку шырокiх поглядаў, - гаварыў далей Валакiткiн, - што, як я сказаў, у Свяшчэнным пiсаннi ўсё было прадбачана. Паўстане народ на народ i царства на царства, i сын стане ворагам бацькi роднага...

- Справядлiва замячаеце, - уставiў салодзенькiм галаском дзядзя Стафанковiч.

- Не толькi справядлiва, а дажа нават чыстая праўда, - загаварыў раптоўна худзенькi дзядок каля дзвярэй, абцiраючы мокраю рагожаю намыленыя грудзi, - я ж кажу, чалавек я просты i богабаязнены. Дзякаваць Богу, трыццаць тры гады з палавiнаю крамку бакалейную i мучную трымаў, i даводзiлася мець дзела з людзьмi ўсiх рангаў i чыноў - пачынаючы старшым чыноўнiкам на пошце i канчаючы самым апошнiм смаркачом - шаўцоўскiм чаляднiкам. I што ж вы думаеце? З практыкi, самай сiбiрнай практыкi, людзей пазнаў i магу гаварыць цяпер, вокам не маргнуўшы...



3 из 7