
- Што гэта вы гаворыце, - зашаптаў, засердзiўшыся, Макей Фiлатавiч, што гэта я павiнен адказваць за чужыя грахi?!. Ды я, калi вы хочаце, маўчаў увесь час, гэта вы першыя пачалi ўсю гэту музыку, а цяпер на мяне ўзвярнуць хочаце. Ды я не пагляджу, што ў вас тры дамы, я магу за знявагу свае асобы зрабiць што хочаце!..
- Не лiшне злуйце, - ускiпеў дзядзя Стафанковiч, - вы павiнны памятаць, што я гаварыў пра палiтыку ўмеючы, вежлiва i далiкатна; i за маю палiтыку ка мне прычапiцца нiхто не мог. А вы ў нейкае Свяшчэннае пiсанне зразу ўперлiся, як чорт у грэблю, рады, што чыстапсалмiе на памяць можаце чытаць. Да я хоць чыстапсалмiя на памяць не ведаю, але перад вамi ўручаю, што не падгаджу. А вы дарэмне злуеце...
Дзядок, у якога ўласны ўнук "пiнаер", пачуўшы шэпты на палатках, зразумеў усё i сам палез наверх.
- I то, браткi, лiхое, - перабiў ён дзядзю Стафанковiча, - мыецца, лiха яму, i як бы нiчога не чуе i не бачыць, а сам усё слухае ды на вус матае.
- Так, храновае дзела выйшла, - грымучым шэптам адчаканiў Разнюхайлiн. - Але так нiчога не паможа, а трэба павярнуць палiтыку ў другi бок.
Макей Фiлатавiч Валакiткiн раптоўна адсунуўся ў куток, пастукаў пальцам па лбу i сказаў:
- Трэба адно к яму падлашчыцца; памыць яго трэба.
- Ваш язык гаворыць мудрасць, - радасным басам грунуў на ўсю лазню Разнюхайлiн. I ўсе трое злезлi з палатак.
- Вы, пане Стафанковiч, не лiшне лезьце наперад, бо зноў бяды наробiце, - сказаў важна Валакiткiн. - Я пачну справу, а вы пасля ўжо гуртам.
Худы i высокi чалавек, нi аб чым не дагадваючыся, мылiў голаў, прыгнуўшыся к лаўцы. Мыльныя рагi цяклi ў яго з галавы па спiне.
