
- Каму права, каму лева, - пачуўся голас з кутка.
Гаварыў высокi i тонкi чалавек, як спiчак. I невядома, што прымусiла яго сказаць гэтыя два словы, - сказаўшы iх, ён зноў увесь увайшоў у сваё дзела: сеў на лаўку i так, як раней, не звяртаючы нi на што i нi на кога ўвагi, стаў палiваць вадой i шараваць шырокiмi далонямi доўгiя i худыя ногi. I нiчога не слухаў, нi на кога не глядзеў, маўчаў i мыўся...
Дзядзя Стафанковiч, пачуўшы яго два словы, раптам прыцiх, прысеў на лаўку, пасля ўстаў, пасля зноў сеў i зноў устаў. Падумаўшы трохi, паглядзеўшы на высокага i худога чалавека, ён тараплiва махнуў к сабе рукою рэгiстратара Валакiткiна, i ўдвух палезлi на верхнiя палаткi к Разнюхайлiну. У вялiкiм узбуджэннi яны ўсе ўтрох пасунулiся ў самы кут i сталi шаптацца.
Першым пачаў дзядзя Стафанковiч.
- Ну, браткi, i папалi, - шаптаў ён скоранька, пырскаючы слiнаю з рота i задыхаючыся ад пары i нервовасцi, - вось папалi, дык папалi, як м'яла ў кiсель. Гэта ж ведаеце, хто? Гэта ж, пэўна, камiсар якi-небудзь. Нават я прыпамiнаю, як хавалi нябожчыка, вечны пакой, Авар'яна Тофiлевiча, дык перад самаю працэсiяй быў ён, дарогу ўпоперак з тоўстым партфелем перайшоў. Здаецца, гэта ён быў, так мне ясна памятаецца. А мы тут развялi палiтычныя гаворкi, не расчомаўшы, хто ў нас пад бокам мыецца... Я хоць асцярожна ўсё гаварыў, а вы, Макей Фiлатавiч, вельмi глосне пачалi выказваць думкi свае. У выпадку чаго, дык вы павiнны ўзяць вiну на сябе, каб цераз вас, часамi, усiм нам не пастрадаць.
