
Прыцемкам ужо стаў Амелька раскладаць агонь на беразе.
III
- Паром! Гэ-эй... паро-о-о!..
Чутно было, што крычыць чалавек здаровы i з ахвотаю, рад, што ёсць прычына пакрычаць.
Ён бачыў ужо, што паром плыве к яму, але не пакiдаў крычаць i, мусiць, любаваўся сваiм голасам, якi зычна, на некалькi раз, паўтараўся на другi бок ракi, у лесе.
Працiраючы заспаныя вочы, Амелька плыў па крык. Паром без шуму сунуўся па спакойнай, цёмнай каля берага i белай на сярэдзiне вадзе, якая пад iм чуць-чуць дрыжала серабром ад свету месяца.
Ад гэтага свету i поле кругом было нейкае белаватае, i здавалася, што нешта там прытаiлася, сочыць за ўсiм, што робiцца вакол.
На паром чакала многа фурманак. Шэрай масай стаялi яны каля вады, каля iх цямнелi i варушылiся конi i чулiся людскiя галасы.
- Хто першы - узводзь каня, - сказаў Амелька, прыгнаўшы паром к берагу.
- А колькi фурманак можа ўз'ехаць на яго зараз? - пачуўся з змроку грубы, як стук абуха, голас.
- Адна.
- Э, мала. Доўга перавозiць будзеш.
Чорная ад змроку пара коней усцягнула на паром высокi воз, узышло чалавек пяць людзей.
Паром цiха рушыў назад.
- Чырвонаармейцы, - сказаў Амелька, прыглядаючыся да людзей.
- А што?! - гукнуў з-за воза голас.
- Нiчога. Пазнаю, што за людзi. Здалёку?
- З горада.
- Куды?
- На гранiцу.
Памаўчалi.
- Што за рака? - бухнуў той жа грубы голас.
- Лоша.
- Слаўнае месца. Лесу многа.
- Гэ-эй, там, скар-р-рэ-эй! Паро-о-о-о!.. - гукнуў з берага нецярплiвы голас.
- Чаго арэш, не пакiнем, не бойся! - гукнулi з парома.
- Э-э-э, там, о-о-э!..
- Хочаш скарэй - кiдайся ў ваду!..
Два галасы з розных берагоў весела рвалi цiш светлае ночы. Паром i без крыку быстра лятаў ад аднаго берага к другому, але людзям хацелася пакрычаць i слухаць зычныя рэхi ў лесе над полем.
