
- А дзе ж ён можа дзецца з зямлi? - сказаў Амелька. - Усё роўна нiкуды з яе не зыйдзеш, каб i хацеў. На ёй астанешся.
Чалавек пацiснуў плячыма, бо не знайшоў адказу.
А Амелька пачуў думку, выказаную чалавекам. Гэта думка ўвесь час у яго самога была ў галаве. I яму стала весела. I ўсе яго думкi, як бы зрабiўшы сваё дзела, знiклi, пакiнуўшы нейкае лёгкае i бадзёрае пачуццё ў грудзях.
- Дай, браце, я прайду зараз вакол, - сказаў Амелька, беручыся за плуг, - даўно ўжо не араў.
- Прайдзi сабе, - сказаў чалавек i, махнуўшы пугай на каня, цiха гукнуў: - Но!..
Амелька пайшоў за плугам па паласе. Падняўся на гору, мiнуў яе i спусцiўся ўнiз, дзе пачынаўся невялiчкi паплавец i на iм рэдкiя кусты.
К яму, па калючым iржышчы, босы i ў адной кароткай кашульцы, падкасаны, быстра бег хлопчык гадоў трынаццацi.
- А дзе тата? - запытаў ён, трохi спалохаўшыся.
- Там, за горкаю, - адказаў Амелька.
Хлопчык пазнаў Амельку i загаварыў быстра, глытаючы словы:
- А я бягу, гляджу - здаецца, не тата. Ажно ж гэта вы, дзядзька Амелька. Дайце адно мне.
Амелька перадаў плуг хлопчыку, i той, трохi блытаючыся па разоры нагамi, пайшоў, сваiмi дзiцячымi тоненькiмi рукамi дзержачыся за плуг i пакiроўваючы яго верна, так, як i трэба.
- Чаго ж ты прыйшоў, змерзнеш, - сказаў бацька яму, як яны з Амелькам, абышоўшы кругом, прыйшлi на старое месца.
- Так, - сказаў хлопчык i засмяяўся.
- Ходзiць у школу, - сказаў бацька з нейкаю гордасцю ў голасе, гледзячы на Амельку i паказваючы пальцам на сына, - i мне памагае.
- Ну, а што ж, - адказаў Амелька, зноў адчуваючы наплыў думак.
Бачачы, што аратыя збiраюцца дамоў, ён паглядзеў, як сонца быстра кацiлася за лес, i, развiтаўшыся з iмi, пайшоў к парому.
Там ён хутка перавёз на свой бок некалькi фурманак з жытам, а на другi бок двух чырвонаармейцаў.
Яны ехалi на двухкалёсным зялёным возе i некуды спяшалi.
