
- Усе тыя, што самi працуюць, - гаварыў прамоўца, - злучыўшыся пад сцягам камунiзма, арганiзуюць вялiкую сiлу, якая знiшчыць усё тое, ад чаго так мучыцца, жывучы, чалавек...
Амелька думаў i глядзеў вакол.
На той бок рэчкi, недалёка ад вёскi Хартонаўкi, выехаў араць чалавек. Яго каравая, цёмная фiгура здавалася здалёк куском той самай зямлi, па якой ён ходзiць.
- Пайду, пагавару з чалавекам, - сказаў сам сабе Амелька, - а то яшчэ здзiчэю тут адзiн.
Над апошнiмi сваiмi словамi ён неяк хмурна ўсмiхнуўся.
Паволi, як бы раздумваючы, цi варт плысцi, папоўз паром назад к берагу. Амелька, утомлены думкамi, вяла перабiраў рукамi дрот.
Выйшаўшы на бераг, ён зразу размеранымi крокамi пайшоў к аратаму. Той, ласкава пакрыкваючы на свайго конiка, паволi iшоў за плугам, неглыбока заворваючы ржышча на зiму.
Ён быў у доўгiм, парыжэўшым ад старасцi халаце, няроўна абарваным унiзе; доўгiя валасы яго закрывалi вушы. Каравыя рукi яго ўспiралiся на плуг, i, каб не ён сам тут, можна было падумаць, што гэта якi-небудзь корч, нядаўна выцягнуты з зямлi. Босымi нагамi ён цiха ступаў па мяккай чорнай зямлi.
Гэта быў Амелькаў знаёмы.
- Здароў, брат, - сказаў Амелька, падыходзячы блiзка.
- Здароў! - адказаў той, прыпыняючыся.
- Позна, браце, араць выехаў.
- От... распагодзiлася, - загаварыў араты, - дык я думаю сабе, выеду хоць ад меж адбяру, усё хлопцу будзе заўтра лягчэй. Але як выпагадзiлася, панiзiў ён голас, - цёпла, весела.
У гэтых словах - "цёпла, весела" - чулася нейкая радасць чалавека, якi бачыць сонца i светлую ад яго зямлю.
- Добра арэцца? - запытаў Амелька, каб як-небудзь разгаварыцца.
- Добра, - адказаў чалавек i, глянуўшы ў разору, прыбавiў: - Люблю я, браце, араць. Ходзiш сабе босы па мяккай разоры, i здаецца табе, што зямля ў цябе ўлазiць.
- А хiба гэта добра?
- Ну, а што, браце. Чалавек адарваўся ад зямлi - прапаў...
