- Бо я тут нiчога не ўбачыў таго, да чаго iшоў, можа, пяцьсот кiламетраў.

Твар яго раптам пацямнеў i перасмыкнуўся ўсiмi сваiмi рысамi.

- А ты не тутэйшая, што я цябе не ведаю?

- На гэтым месцы я жыву больш года. Унь у той варывеньцы.

- А дзе ж твой дом?

- Ужо даўно няма дома. I дзяцей няма, i мужа няма. I нiкога ўжо няма. Усё з'еў немец. Дзецi памерлi ад такога жыцця. Мужа забiлi немцы. Я асталася адна i прыблыталася была сюды.

- А хто яшчэ жыве ў той варывеньцы?

- Нейкi хлопец яшчэ жыве. Косцiк.

- Косцiк? - устрапянуўся чалавек. - А колькi яму год?

- Год дванаццаць.

- Чарнявы?

- Чарнявы.

- Шрам на пераноссi?

- Але.

Чалавек змянiўся ў твары.

- Дома ён цяпер?

- Не. Пайшоў яшчэ ўчора на работу. Хлеб зарабляе.

Чалавек змоўк i сцяў губы. Было падобна, што ён не хоча больш нi пытаць, нi слухаць.

- Нiчога. Ён здаровы i дужы, - сказала здагадлiвая жанчына.

Твар у чалавека ажыў, i вельмi шпарка чалавек выказаў цэлы струмень слоў. Гэта быў парыў раптоўнага ўздыму яго душы.

- Дык ты ведаеш яго, гэтага Косцiка? Ты, можа, кожны дзень яго бачыш? О, як ён радзiўся, якая была мне радасць! Тут я сабе i дом паставiў новы. Дваццаць пяць год таму тут было голае поле. Тут за гэтыя годы цэлае мястэчка выбудавалася. Якiя дамы стаялi ў людзей! Мы садоў колькi панасаджвалi!.. Унь мой дом быў, дзе тое шула асмаленае тырчыць.

- Адкуль жа вы iдзяце? - абазвалася жанчына.

- У Германiю везлi, а я ўцёк. Тры разы я ўцякаў. Лавiлi. Страляць хацелi. Мне шанцавала. У атрад да партызан прыбiўся. I вось прыйшоў следам за фронтам.

- А цi далёка ўжо немцы?

- Мусiць, далёка. I наша войска ўжо ўсё наперадзе.

- Косцiк зараз павiнен iсцi, - сказала жанчына. Паволi яна пайшла ў сваю варыўню.

Чалавек зноў адзiн стаяў на дарозе. I зноў яго твар стаў шэры i халодны.



2 из 4