Як бы ён сам стараўся сцiшыць свае парывы i iмкненнi. Жанчыны ўжо не было. I Косцiк нiдзе не iшоў. Чалавечая постаць узвышалася адна сярод чорных асмалкаў. Гэта было чорнае пекла. Пустэча. I зноў постаць з'явiлася на дарозе. Гэта было падобна да мужчыны. Нагавiцы. Боты. Ватоўка. Брудныя вусы пад носам. I на галаве хустка. З носа цякло. Вачыма ён глядзеў, як жывёлiна ў разнiцы на нож. Падняўшы рукi ўгору, ён шпарка iшоў проста на чалавека. Голас хрыпаты, захалоджаны:

- Капут. Смерць. Я не ваюю. Я кiнуў зброю. Я астаўся. Я шукаю добрага сэрца. Я да сваiх дзяцей хачу. Я астаўся на полi бою. Злiтуйся, чалавек.

Гэты немец гаварыў ламанай расейскай мовай. Дрэнна гаварыў, i не ўсё дайшло да вушэй чалавека. Але выгляд яго! Гэта была просьба i гора. Бяда. Пошукi ратунку.

Зноў чалавечы твар ажыў i паяснеў. Чалавек не вытрымаў. Яго ж самога душыла гэтая абсмаленая пустэча! "Чаму ж так доўга Косцiк не iдзе?" Душа яго рвалася. Ён гатоў быў абняць гэтага абарванага i змерзлага немца.

- Хадзем у тую варыўню, там будзем разам грэцца i есцi што-небудзь.

Поплеч яны зрабiлi некалькi крокаў. Жанчына стаяла ля дзвярэй у варыўню i сказала да чалавека:

- Дык цi не немец гэта з табою iдзе? Ён ужо ўчора звечара прыходзiў. I раптам загаласiла: - А дзеткi ж мае! Ужо i мне жыць няма як! Нашто мне жыць, калi вас няма! Немец, што ты нарабiў! Нашто ты спалiў маiх дзяцей!

Валасы яе лезлi з-пад хусткi. Твар у яе дрыжаў, вочы сталi вялiкiя i страшныя. Яна падняла абкуродымленую цаглiну i кiнула немцу ў грудзi.

- Гэта Гiтлер, - сказаў немец. - Я не...

- I сам ты Гiтлер, - крыкнула жанчына i кiнула ў немца другую цаглiну.

Чалавек уздрыгануўся. Вусы яго зварухнулiся i твар акамянеў. Здавалася, што душа яго заныла навек.

- Косцiк! - крыкнула раптам жанчына.

Хлапчук з вострымi прыўзнятымi плячыма iшоў сюды, да людзей.

Твар у чалавека перасмыкнуўся. Хлапчук стаў сярод чорных асмалкаў i як анямеў, спынiўшы позiрк на чалавеку з аўтаматычнай вiнтоўкай. Немец раптам падняў рукi ўгору i штосьцi замармытаў. Хлапчук не зводзiў воч з чалавека. Жанчына зноў загаласiла:



3 из 4