- Уцякла, каб яна здохла... I пайшоў са мною.

- Куды ты iдзеш?

- Гэта я iду на хутары па брата. Ён там цэлую зiму служыў, значыцца, а гэта як памёр айчым наш, дык трэба, каб дома быў, неканечна яму было i так iсцi, але што ты парадзiш.

- А даўно айчым памёр?

- Нядаўна.

- А мацi жыве?

- Мацi жыве.

- А больш хто ў вас ёсць?

- А больш у нас яшчэ дзяўчыны дзве ёсць, старшыя за мяне сёстры, дык яны дома, нiдзе не служылi, бо яны хоць бабы, але цвярдзейшыя за Васiля, дык айчым iх не мог выкурыць з хаты.

- А хiба ён выкурваў?

- Уга... Ён чуць Васiля на той свет не адправiў, як пачаў грызцi. Дык той i пайшоў у людзi.

- Мацi што?

- Дык жа ён чуць i мацеру ў труну не ўвагнаў - азiят нейкi быў, а не чалавек.

Гаварыў ён стала, як дарослы. I вiдно было, што пражытыя на свеце дванаццаць год навучылi яго многаму, паказалi яму многа бакоў жыцця, закалiлi яго i давялi да вострай цвёрдасцi.

I цяпер ён iшоў па брата, адзiн, па пустой ветранай дарозе. Ён i забаўляўся iдучы, i разважаў стала: i наглядаў, i абдумваў. Твар яго, у лiшаях ад сонца i ветру, меў на сабе ўсе адзнакi халоднай сталасцi i прывычкi - вялiкае лiчыць часам малым; i толькi калi-нiкалi прарывалiся ў iм не згладжаныя яшчэ дзiцячыя манеры.

- А ты гаспадарыў ужо?

- Я летась адзiн паараў усё. Айчым тады ўжо хварэць пачаў.

- А цяпер айчыма шкада?

- Цяпер не... Але шкада маткi, бо яна нездараўчаная вельмi. Хто яе ведае, цi пажыве яна доўга на свеце. Мы то не прападом - мы ж усе ўжо ўзнялiся на ногi, але яна як... Мы ж яшчэ яе нiчым не пацешылi...

Ён моцна аб нечым стаў думаць i змоўк. I твар яго раптам ажыў. Пачалi, як ценi ад хмар у ветраны дзень па зямлi, праходзiць па твары яго адзнакi перажытага смутку i ўздымаў, адбiтак як бы нейкай мудрасцi пазнання жыцця з'явiўся на iм, i ўпэўненасць у неабходнай патрэбе пацешыць матку, i моцнае жаданне гэтага, важнае i для яе, i для яго. I зусiм не адбiлася на твары яго непаразуменне перад тым, што гэта ж сам ён нiчым яшчэ не нацешыўся.



2 из 4