
Толькi хутка шырокае нешта i надзвычай тонкае лягло на гэты сталы i глыбокi твар, i яно паведамiла пра вялiкую ўцеху, вылаўленую ў жыццi з самога жадання пацешыць матку, з самога працэсу падарожжа па брата i ва ўсiм, што даводзiлася рабiць, у самым тым, што трэба было дзейнiчаць.
У тым, што ён сказаў, было сказана самае важнае, i ўсё iншае стала зразумела, i была асалода глядзець на гэты сталы не па-дзяцiнаму твар...
Ён шырока ступаў па пыльнай дарозе.
- Тым часам так, - загаварыў ён, - хутка аўсы будзем сеяць...
I зноў змоўк i задумаўся.
- Ногi баляць, - падаў ён яшчэ голас. - Я цяпер паляжаў бы, скурчыўшыся пад кустамi дзе на сонцы, але да вечара дайсцi трэба.
I ўжо ў менш, як мне здалося, значных гаворках i многа моўчачы прайшлi мы астатак дарогi да павароту i на каменнях прыпыпiлiся. Ён дастаў з кiшэнi сваiх палатняных портак кавалак хлеба i пачаў ламаць каравымi, тонкiмi пальцамi i есцi. Хлеб запах суха i кiсла - так, як пахне ён, паляжаўшы ў торбе паўдня на полi, пакуль не даарэцца загон i не падыдзе пара есцi.
Нам абодвум не хацелася ўставаць, мне было блiжэй, яму яшчэ вёрст дзесяць.
- А калi назад?
- Заўтра, - адказаў ён, жмурачыся ад ветру, - заўтра з Васiлём, павесялеў ён.
Цераз паўгадзiны ён кiўнуў мне галавою i пайшоў, роўна гойдаючыся ў такт крокам. Я застаўся адзiн i сачыў за тым, як бела-шэрая постаць яго патроху рабiлася меншай ад роўнай далечынi дарогi i пасля зусiм згiнула за першым узгоркам. Пасля зноў вiдаць стала галаву яго - маленькую ўжо i чуць прыкметную, як цемнаватая кропка. Пасля нiчога не вiдаць стала.
Я сядзеў на каменнях i думаў аб маленькiх i нязначных здарэннях, якiя слабым здаюцца вялiкiмi i страшнымi, i аб вялiкiх i страшных здарэннях, якiя моцным здаюцца маленькiмi i нязначнымi. I ад таго, што гэтае дзiцянё не сагнулася i не сагнецца i iдзе сабе моцна па дарозе, стала мне радасна i думна.
