
З таго зiмовага вечара Фрузына стала яшчэ болей маркотная. Часта ўздыхала на дзяжурстве, радзей усмiхалася на жарты iнжынера Шаўрова, часцей выходзiла на панадворак, дзе часам сустракала яго. Калi-нiкалi, завiхаючыся ля машыны, ён кiдаў ей некалькi звычайных малазначных слоў, але - чула яна - ставiўся добразычлiва i ветлiва, зусiм не так, як другiя зубаскалы-шафёры. Ей хацелася запытаць гэтага чалавека пра яго жыццё - адчувала жанчына, што i ён не вельмi шчаслiвы, што добры i нечага лепшага ў жыццi хацелася яму. Яна ўжо ведала яго прозвiшча - Пархомаў - ведала, што ён з Баранавiч, але цi сямейны, цi не было невядома.
Так у маўклiвай жаночай тузе мiнула зiма i наступiў першы месяц вясны сакавiк. Снег на вулiцах растаў, рэшткi яго вывезлi на машынах за горад; удзень з дахаў, гулка лопаючы аб асфальт, падалi рэдкiя цяжкiя кроплi. У парках i за горадам, праўда, было яшчэ снежна, але з кожным сонечным днём усё шырэлi, злучалiся адна з адной праталiны, налiвалiся пупышкi лазы i вербаў.
У жаночы дзень - 8 Сакавiка Фрузыне якраз быў выхадны, i яна, прыбраўшы зранку ў пакоi, узялася перашываць свой стары шарсцяны сарафан. Звычайна яна любiла такую работу, любiла прымерваць, прыкiдваць, каб зрабiць што як мага танней i лепей. З гэткiм жа стараннем яна ўзялася i цяпер, але спакваля неяк цiкавасць да работы пачала знiкаць. У думках усё часцей з'яўляўся Пархомаў, усё думалася, што ён за чалавек, чаму так уважлiва, не як другiя, паставiўся да яе, што ў яго самога на сэрцы? Час ад часу жанчына ўздыхала, апускала на каленi шыццё i затуманеным зрокам доўга пазiрала ў чыстае сонечнае акно на шашу, дзе некалi зiмой ён ладзiў машыну. Чамусьцi ёй усё болей i болей хацелася зноў убачыць яго, пачуць яго спагадлiвы разважны голас. Часам, схамянуўшыся, Фрузына лаяла сябе за недарэчныя мары, палохала тым, што, можа, у яго - сям'я, дзецi. Урэшце, колькi ёсць i маладзейшых, i прыгажэйшых, а яна - саракагадовая баба, - нi хараства, нi шчасця - навошта каму такая? Але звыклае iмкненне да яго ўзгаралася з новай сiлай, i яна ўсё пазiрала ў акно, трывожылася, хацела саўладаць з трапяткiм сэрцам ды не магла.
