Праз нейкi час ён, аднак, схамянуўся, глыбока ўздыхнуў i здзiўлена агледзеўся.

- О, ты ўжо? - прамовiў ён i ўзняўся. - Ну што?

- Вось прынесла, - сказала яна, устаючы з лаўкi i падаючы яму кандэнсатар. Але ён, вiдаць, адпачыў зусiм мала i, яшчэ не прачнуўшыся як след, пазяхаючы i пацягваючыся, зноў сеў на табурэт.

- Ага, во добра... Ну дзякуй. А што гэта нiкога не чуваць, цi ты адна жывеш?

- Ды ўжо ж, адна, - адказала яна i ўздыхнула.

- А дзе ж твой... муж? - паволi вызваляючыся ад санлiвай знямогi, пытаўся чалавек. - Цi не было?

- Не было, ага, - пацвердзiла Фрузына.

Пасля яна таксама прысела на лаўку насупроць яго i раптам адчула сябе слабай, маленькай i нават у нечым вiнаватай ад гэтай стрыманай мужчынскай цiкаўнасцi.

Ён трохi памаўчаў, аб нечым задумаўшыся, жанчына ўсё пазiрала на яго, ледзь прыкметнага ў прыцемках дагарэлай грубкi, быццам чакала яго.

- Адной кепска, - сказаў ён, счакаўшы. - Цяжка адной... Гэта я ведаю...

Ён пачаў закурваць, прыпалiў паперкай ад вуголля, асвяцiўшы на момант зашчацiнены, зусiм не прывабны, але добры, спагадлiвы твар, а яна сядзела, стаiўшыся, ля акна i, бы злоўленая на якой несумленнай справе, баялася паварушыцца.

Накурыўшыся, ён кiнуў у печ недакурак, падышоў да яе, стрымана i далiкатна дакрануўся да яе пляча сваей заскарузлай далонню i пагладзiў:

- Цяжка адной, толькi што зробiш... Ну, не бядуй! Дзякуй за турботы... Так.

Калi ён выйшаў, Фрузына, не зашчэплiваючы за iм дзвярэй, таропка павярнулася да акна, прыцiснулася лбом да запацелай шыбiны i доўга пазiрала, як ён там поркаўся ў маторы, бразгаў капотам, тупаў ля машыны. Яна нiчога не думала, не выцiрала слёз, што няпрошаныя i нястрыманыя пацiху кацiлiся па шчоках, толькi глядзела ў прыцемкi ночы i не магла ўжо заглушыць роспачнай трывогi ў сваёй душы.



9 из 30