
- А што ж гэта? Хiба большай няма?
- Няма, - схлусiла яна, зноў прысоўваючы кiлiшак. Ён з жартоўнай падазронасцю зiрнуў на яе i ўзяўся за бутэльку.
- Ну што ж, давай адзначым жаночае свята. Сядай, чаго там, - запрасiў ён. Яна паслухмяна i няўпэўнена, бы ў гасцях у чужой хаце, прысела на лаўку.
Яны выпiлi - ён паўшклянкi, яна са свайго кiлiшка. Пархомаў пачаў апетытна закусваць селядцом, яна таксама ўзяла кольца агурка i пацiху жавала. Першы кiлiшак узняў у ёй цэлы рой добрых, iмклiвых пачуццяў, адразу стала радасна i светла, але яна хавала гэта ў сабе i толькi ўсмiхалася. Ён ветлiва падсоўваў ёй талерку з каўбасой i, быццам яна была яго госцяй, запрашаў:
- Ты еш, каўбаса смачная, маскоўская, самы раз: не цвёрдая, i сала ўвакурат.
Пасля яны выпiлi яшчэ...
Нiколi ў жыццi ёй не было так хораша i па-маладому весела. Пархомаў добра еў; аж пачырванеў з твару ад выпiтага i з'едзенага i з нейкай лёгкай сяброўскай шчырасцю абыходзiўся з ёю. Ён нешта гаварыў i гаварыў усё, але яна дрэнна ўнiкала ў сэнс яго слоў. Яна ўся аддалася ва ўладу сваiх пачуццяў цiхага шчасця ад прывабнай цеплынi блiзкай чалавечай душы.
Урэшце, вiдаць, наеўшыся i напiўшыся, Пархомаў адсунуў ад сябе талеркi, адчынiў партабак. Яна, поўная замiлавання да гэтага чалавека, усё пазiрала на яго памаладзелы ўпарты твар, якi заставаўся па-ранейшаму разважны i цвярозы, быццам гарэлка не мела нiякай улады над iм. А Пархомаў, смачна зацягнуўшыся, падсунуў лаўку блiжэй да яе табурэткi i раптам проста, упэўнена, але зусiм не груба i не абразлiва прыгарнуў яе да сябе.
I яна не вырывалася, не супрацiўлялася, не аднеквалася, яна, як да жаданага, падалася да яго ўсiм целам, прыцiснулася да яго шырокiх, разагрэтых хатнiм цяплом i гарэлкай грудзей i ўтулiла ў яго пiнжак свой гэткi ж гарачы твар. Ён моўчкi i моцна тулiў яе, гладзiў па плячах сваiмi шорсткiмi далонямi, а яна, здавалася, гатова была памерцi за тыя хвiлiны незвычайнага, нiколi не зведанага шчасця чалавечай блiзкасцi. Нейкая хваля шчаслiвай бяздумнай знямогi ахапiла яе, узняла на страшную вышыню, ад якой зацяло дух i панесла, аж покуль яна перастала адчуваць сябе...
