Уранку, ледзьве памыўшыся i дужа спяшаючыся, Пархомаў сабраўся i пайшоў. На парозе ён пацалаваў яе ў лоб, таропка прыгарнуўшы да сябе, i скупа сказаў на развiтанне:

- Ну, будзь здарова. Не смуткуй, нiчога. Харошая ты, праўда.

Яна начала наводзiць дома парадак, прыбрала пасцель, перамыла посуд. Увесь час яе перапаўнялi ўзнёслыя, радасныя адчуваннi ад усяго, што здарылася, ад таго, што ёсць гэткi просты i гэткi цудоўны чалавек на зямлi. Ёй вельмi прыемна было адчуваць, што яна, - як i ўсе жанчыны, не якая-небудзь пагарджаная няўдалiца, а таксама вось прывабная i любая мужчыне, што ён аддаў ей столькi пяшчоты i шкадуе яе. Ураз знiкла тая застарэлая маркота, якая ў адзiноце гэтулькi год дапякала ёй, - Фрузына адчула незвычайную дзявочую лёгкасць, зухаватасць, - здавалася, вярнулася яе даўняя забытая маладосць.

З гэтымi новымi радаснымi адчуваннямi яна прыйшла на працу, змянiла ў вестыбюлi Драздову, замяла падлогу, выцерла падаконнiкi i не ведала, куды яшчэ падзець сваю сённяшнюю iмклiвую энергiю. Як заўсёды, за акном бразнулi дзверцы i паўз яе, важна сапучы, прайшоў Iван Кузьмiч. Яна павiталася з iм, але ўжо не тым палахлiвым голасам, а з нейкай годнасцю i незалежнасцю ў тоне. Неўзабаве мякка, па-кацiнаму ступаючы на тоўстых падэшвах, прайшоў Петрачэнкаў, i ён не здаўся ёй сёння такiм недасяжным i далёкiм, як заўсёды. I калi, адстукаўшы абцасiкамi на ганку, у вестыбюль з'явiлася Нонка, Фрузына не вытрымала i на прывiтанне ветлiва адказала:

- З мiнулым святам вас, Нона Васiльеўна!

Увесь гэты дзень Фрузына з прытоеным бляскам шчаслiвых вачэй усмiхалася знаёмым. Хацелася ёй, каб хто спынiўся, загаманiў з ёю, нешта вялiкае бруiла ўвесь час у яе душы, не змяшчаючыся там, i жанчыне карцела падзялiцца з людзьмi радасцю, толькi дзялiцца не было з кiм.



14 из 30