Аднаго ранку, счакаўшы, пакуль перастануць рыпець дзверы i ўсе супрацоўнiкi разыдуцца па кабiнетах, Фрузына ўзяла пад лесвiцай палiвачку, набрала ў бочцы вады i выйшла палiць клумбы. Пасля застылай засенi вестыбюля на сонечным угрэве вулiцы было цёпла i ўтульна. У Фрузыны, як i ўсе гэтыя днi, было добра i спакойна на сэрцы. Тая ўзрушаная радасць, што спачатку поўнiла яе i бруiла ў ёй, спакваля саступiла месца роўнаму замiлаванаму пачуццю, - так хацелася пражыць жыццё, i шкадаваць не было б чаго.

Жанчына палiвала, стараючыся ступаць як мага асцярожней, каб не парушыць цудоўнага хараства гэтых мiгатлiвых, як зоркi, кветак, i ўсё думала, думала пра яго - незвычайнага гэтага Пархомава. Ён ужо тыдзень як быў у камандзiроўцы, таму ёй не было каго сустракаць нi дома, нi на панадворку ўстановы, заставалiся толькi думкi, успамiны, розныя меркаваннi.

У гэты час адчынiлiся дзверы, i прыбiральшчыца Ганка, санлiвая, леная дзяўчына, чухаючы бок, прамовiла:

- Цётка Фрузына, вас Петрачэнкаў клiчуць.

У яе адразу нядобрым прадчуваннем здрыганулася сэрца, але яна знешне спакойна выйшла з клумбы, паставiла на асфальт палiвачку i, паправiўшы на грудзях брошку, нетаропка пайшла ў будынак. Яна ўзнялася на другi паверх i, прыпынiўшыся ля чорных дэрмацiнавых дзвярэй, нерашуча пацягнула ручку.

Петрачэнкаў пiсаў. На яе прыход ён нават не ўзняў свайго акулярыстага твару, толькi буркнуў: "Ага, зараз". Апроч яго, тут яшчэ за трыма сталамi сядзелi людзi - усе былi заняты сваiмi справамi i, здавалася, не звярталi на яе нiякай увагi. Фрузына стала ля петрачэнкаўскага стала i з хвiлiну чакала, усё робячы здагадкi, якая патрэба прымусiла гэтага чалавека клiкаць яе.

Напiсаўшы, што трэба было, ён пачаў поркацца ў паперах на стале i, нiбы аб якой простай будзённай справе - надвор'i цi нясвежай вадзе ў графiне, задаў пытанне, ад якога ў яе пахаладзела ўнутры.



16 из 30