
З таго дня Пархомаў стаў часта наведваць яе. На працы ва ўстанове, сустракаючыся з ёю, ён быў ранейшы - па-дзелавому строгi, заклапочаны, нават трошкi няласкавы - як i ўсе. Яна не падыходзiла ўжо да яго, як раней, толькi вiталася пры сустрэчах - i ўсё. Здавалася ёй: тое, што сталася мiж iмi, трэба берагчы ад старонняга вока, i не таму, што хтосьцi можа перашкодзiць iм, а так, проста было неяк сорамна ад людзей. Яна чакала суботы, нядзелi, калi ў яго i ў яе супадалi выхадныя, прыбiрала ў пакоiку, апранала сваю сiнюю з мярэжкамi сукенку i садзiлася ля акна. Ён заўсёды прыходзiў перад вечарам, часам прыносiў бутэльку, а болей iшоў так. Яна ўсё па-ранейшаму хвалявалася, сустракаючы яго, а ён ужо асвойтаўся ў яе пакоi, трымаў сябе роўна i ўпэўнена. Пакуль яна гатавала на дваiх вячэру, ён, каб не сядзець без справы, браў сякерку, малаток i ладзiў што-кольвечы па гаспадарцы - замасцiў дзiркi ў падлозе, затулiў дах, паправiў лаўку на прызбе. Суседкi перашэптвалiся i хiтра ўсмiхалiся, сноўдаючы на панадворку, але яна не саромелася iх. Наадварот, яна цiха таiла ў сабе стрыманую жаночую гордасць, гордасць за сябе i за чалавека, якi стаў поруч з ёю.
У доўгiя гадзiны пяшчотнай блiзкасцi яны болей маўчалi. Ён часта прытульваў яе да сябе, гладзiў, зрэдку ўздыхаючы - здагадвалася яна - шкадаваў яе. Ён амаль нiколi не казаў нiчога пра свае пачуццi, нi пра сям'ю, якая, яна ўжо ведала, была ў яго ў Баранавiчах. Хоць ёй i вельмi хацелася ведаць пра ўсё гэта, але яна не пыталася, каб не парушыць чым свайго нечаканага, няпэўнага, толькi трошкi зведанага шчасця. Яна вельмi берагла i вельмi баялася за тое шчасце - чула яе душа, што яно кволае i кароткае, як усё неспадзяванае, цудоўнае...
Тым часам прыйшоў сонечны квяцiсты май. Зранку над горадам зiхацела чыстае блакiтнае неба, над сценамi тулiлiся сiнiя ценi, на рагу пачалi прадаваць газiроўку. Петрачэнкаў апрануў клятчасты, бы шашачная дошка, скошаны ў плячах пiнжак, Нонка ляскатала ў асляпляльна белых басаножках на вострых абцасах. Ля ганка ўстановы былi дзве вялiкiя клумбы, i на iх, ледзьве прарэзаўшыся з зямлi, чысцюткай сiнявой стракацелi анюцiны вочкi.
