Яна не стрывала да канца гэтага страшнага вiдовiшча, але ўжо ведала, што заўтра здарыцца нешта благое. На свiтаннi яна ўзнялася i стала клапацiцца, каб сабраць свае рэчы, званiла па тэлефоне ва ўстанову. Ноччу там дзяжурыла Ганка, якая, аказваецца, цяпер замянiла яе ля дзвярэй, Фрузына папрасiла перадаць Драздовай, каб тая прынесла з кватэры малому бялiзну. Пасля яна стала чакаць, калi папрыходзяць дактары i напiшуць яе дакументы. Ёй было нiякавата ад таго, што нiхто не прыйдзе за ёю, што i ў апошнюю хвiлiну ёй не мiнуць украдкам кiнутых позiркаў сясцёр, санiтарак, - позiркаў, у якiх празмерная цiкаўнасць, здагадкi i прытоенае асуджэнне.

Час iшоў вельмi марудна. Мiнула ўжо i дзесяць, i адзiнаццаць гадзiн, а Драздовай усё не было. Фрузыне ўжо выдалi дакументы - даведку, што ў яе нарадзiўся хлопчык, што яму зроблены ўсе прывiўкi. Гэтую даведку, бы найдаражэйшы дакумент, яна загарнула ў паперку i схавала за пазухай. Яна ўсё хадзiла па калiдоры i чакала, агорнутая клопатам, як данесцi малога дадому па такой сцюжы, што трэба было б купiць цёплую коўдрачку, ды вось дагэтуль на ўсё не хапiла грошай.

Жанчына аж здрыганулася, калi сястра адчынiла ў калiдор дзверы i паклiкала яе апранацца. Там, у пярэднiм прахадным пакойчыку, яна спаткалася з Драздовай - захутаная ў цёплы шалiк, у плюшавым жакеце, вахцёрка чакала яе са скруткам у руках. Яна ледзь прыкметна ўсмiхнулася насустрач Фрузыне знарок сярдзiтымi вачыма i загаварыла сваiм грубаватым голасам:

- Ну што, выхадзiлася, нябога? Ну, нябось пазнала, дзе ракi зiмуюць? А што, не казала я?! Ну! Дзе ён - твой крывапiвец? На вось, сабралi тут. На кватэру я не хадзiла - далёка, ну яе.

Яна сунула ў рукi Фрузыне тугi скрутак - коўдрачка, прасцiнкi, сiняя шаўковая стужка. Жанчына здзiвiлася: чыё ж усё гэта?

- Бяры, бяры, - папiхнула яе Драздова. - Сабралi тут. Нонка, Куцячыха, Шаўроў даў паўсотнi. Я сваiх пару пялёнак загарнула - спатрэбiцца.



26 из 30