
- Дзякуй, - сказала Фрузына i прыплюшчыла вочы. Ёй раптам стала нечага вельмi жаласлiва на душы - i да сябе, i да iх, што не забылiся, не пагрэбавалi...
- Ну iдзi, iдзi, паказвай свайго крывасмока, - падштурхнула яе Драздова.
Яна хуценька апранулася ў сваё пакамечанае, несамавiтае адзенне, ад якога ўжо паспела адвыкнуць, i ўсё пазiрала на дзверы, прыслухоўвалася - адтуль у першы свой шлях па зямлi павiнен быў выйсцi сын, яе ўцеха i яе вялiкае шчасце ў жыццi.
Вельмi занятая, рухавая i заклапочаная сястра вынесла ёй акуратна загорнуты пульхны скрутак, падала ў рукi i развiталася. Фрузына асцярожна ўзяла яго, адхiнула ражок прасцiнкi - ён соладка спаў, сцяўшыся тварыкам у маленькi ружовы камячок. Драздова таксама зiрнула пад прасцiнку.
- Спiць? Iш ты, Пархом халерны. Ну ладна, расцi. Дай сюды, я...
Яна бесцырымонна забрала яго з рук мацi, спрытна ашчаперыла, штурхнула нагой дзверы, i жанчыны выйшлi на вулiцу.
Пакуль яны iшлi глухаватымi завулкамi, Фрузына паступова набiралася лёгкага радаснага забыцця. Ёй было добра - зноў тонкай, памаладзелай, перанёсшай труднае ў жыццi; радасна, што прыдбалася ў жыццi блiзкая, дарагая iстота, частачка яе жыцця; прыемна, што вось Драздова - заўсёды зласлiвая Драздова - гэтак дарэчы ўслужыла ёй.
А вахцёрка iшла крыху наперадзе i ўсё нешта прыгаворвала малому - нешта знарочыста сварлiвае. Фрузына даўно ўжо прывыкла да гэтага яе тону i цяпер неяк асаблiва выразна адчувала ў iм i спагаду, i пяшчоту, якiя заўсёды былi старанна захаваныя пад гэтай знешняй яе незадаволенасцю. Яшчэ Фрузына вельмi ўдзячна была Нонцы i Шаўрову. Адчувала яна, што шматлiкiя пакуты неяк зблiзiлi яе з людзьмi, далi, вiдаць, ёй нейкае няпiсанае права на людскую прыхiльнасць.
Падыходзячы да iх установы, Драздова нечакана павярнула ўбок, да ганка.
- Iдзi, пакажам твайго крыкуна. Хай паглядзяць. А то - Фрузына такая, Фрузына сякая... Iдзi, iдзi, чаго там, - прыкрыкнула яна на жанчыну, калi тая нерашуча спынiлася на вулiцы.
