
Фрузына збянтэжылася: ёй вельмi няёмка было несцi туды дзiця, але Драздова ўжо адчыняла нязладныя дзверы. Нiчога не заставалася рабiць, i яна вымушана была пацягнуць за тыя медныя ручкi-поручнi. Дзверы працяжна прарыпелi, бы прывiталiся са старой знаёмай, i гэты iх рып душэўным болем працяў нутро жанчыны.
У вестыбюлi было цёпла, да iх адразу прытупала ў скрыўленых валенках Ганка. Драздова, прымасцiўшыся ля батарэi, начала расхутваць малога.
- Во, глядзi, якога мужыка займела баба. А то думалi, што Фрузына горш за людзей. Вунь як пазяхае, пражора! Толькi есцi давай, - прыгаворвала яна, спрактыкавана разгортваючы пялёнкi.
Заўважыўшы навiну ў парозе, аднекуль з калiдораў прыбеглi дзве прыбiральшчыцы, угары на лесвiцы дробна застукалi абцасiкi, i цераз поручнi нагнулася кучаравая галава Нонкi.
- О, што там у вас робiцца? - гукнула маладзiца i зноў заляскатала абцасiкамi, збягаючы ўнiз.
- Ой, якi маленькi, якi карапузiк, дайце мне, дайце я, - загаманiла яна, беручы малога i няўмела прытуляючы яго да сябе.
Фрузына вельмi баялася, каб ён часам не выпаў як на падлогу, яна ўсё падстаўляла рукi, непакоiлася за кожны яе лiхаманкава-радасны рух. А Нонка ўсё хапала малога, шугала, прыцiскала да сябе - дзiва было, колькi таiлася пяшчоты ў гэтай жанчыне.
У той час у вестыбюлi аднекуль з'явiўся Шаўроў. Як некалi, у даўнiя часы, ён здалёк басавiта гукнуў Фрузыне:
- Прывет, Фрузына! Як жысць маладая, вясёлая? О, я гляджу - з прыбаўкай цябе! Ну, маладзец, - казаў ён, падыходзячы да яе ў сваiм шархоткiм чорным плашчы. - Дайце ж i мне патрымаць чалавека.
Ён узяў маленькi скрутачак, асцярожна шугнуў яго ўгору-ўнiз, i малое неспакойна заварушылася.
- Харош, харош, гвардзеец, - радасна ззяў вачыма iнжынер. - Як жа назваць яго? - спытаў Шаўроў i паўзверх жаночых галоў зiрнуў угору. На лесвiчнай пляцоўцы, нерашуча занёсшы нагу на нiжэйшы прыступак, стаяў Петрачэнкаў.
