Яна часта казала людзям i самой сабе: кожнаму сваё, што каму на раду напiсана, таго не мiнеш. I яна пакрысе прывыкла да адзiнокага лёсу немаладой бабылкi, цешыла сябе людскiм шчасцем, радавалася чужой радасцю i бедавала з чужых бедаў. Свайго - нi добрага, нi благога, нi асаблiвых трывог - у яе не было.

Так яна пражыла б да канца сваiх дзён, каб не тыя акалiчнасцi лёсу, што нарыхтавалi нечаканы паварот на яе сцяжыне жыцця.

Аднойчы ўжо глыбокай снежнай зiмою, седзячы ля тых вялiкiх дзвярэй, яна запрыкмецiла, як у адным месцы рассохлiся старыя фiлёнкi, утварылася шчылiна, у якую прадзiмае вецер. Жанчына прыбрала з прыпола клубок з недавязанай рукавiцай i праз чорны ход пад лесвiцай выйшла на панадворак. Тут быў гараж, у вялiзных адчыненых варотах стаялi машыны, i Фрузына хацела ўбачыць каго са знаёмых шафёраў, каб папрасiць пакулля.

Аднак знаёмых нiдзе не было. Параскiданыя ля гаража на ўтаптаным, заплямленым снезе валялiся цяжкiя скаты, скрынкi, бочкi. Гарластая шаферская братва падалася, вiдаць, у сталоўку, толькi ў апошнiх дзвярах чуўся бразгат жалеза. Схаваўшы ў кiшэнькi ватоўкi астылыя на марозе рукi, Фрузына нясмела падышла да гэтых дзвярэй i спынiлася. У машыне з задраным угору капотам, перагнуўшыся цераз радыятар, калупаўся незнаёмы, нядаўна прыняты на працу шафёр, i яна звярнулася да яго з нясмелай сваёй просьбай.

Шафёр не адразу адказаў ёй, спярша прыкруцiў у маторы нейкую трубку, пасля выпрастаўся, узняў да яё немалады ўжо, не дужа часта голены, замурзаны твар, выцер ватнiм рукавом успацелы лоб i спытаўся:

- Гэта куды? А, да дзвярэй. А што, некаму паправiць? А заўхоз дзе?

Ён казаў гэта грубавата, як чалавек, якому замiнаюць, у якога безлiч сваiх пiльных спраў, i яна ўжо пашкадавала, што звярнулася да гэтага малазнаёмага шафёра. Але затым ён саскочыў з высокага буфера, узяў нешта ў кабiне i, упэўнена ступаючы шырокiмi падэшвамi падшытых валёнак, накiраваўся ў будынак.



4 из 30