- Ану, дзе, паказвай.

Яна наказала тое месца, шафёр, усё нiчога не гаворачы, нешта прыстукнуў, нешта прыцiснуў, забiў цвiк i напаследак грукнуў кулаком у счарнелыя фiлёнкi.

- Ну вось, парадак. Цяпер не прадзьме.

Яна стала дзякаваць яму, ды за адным разам паскардзiлася, што пад акном падцякае батарэя, надакучыла ўжо выцiраць анучай, што колькi ўжо прасiла заўхоза, але таму не даходзiць, усё болей швэндаецца па пiўных, без ста грамаў не падступiшся. Дастаючы закурку, шафёр слухаў, глядзеў на яе сур'ёзным няласкавым позiркам i, зацягнуўшыся разы два, паабяцаў:

- Ладна, паправiм. Цяпер няма калi, а пасля абеду папраўлю. Напомнiш, цётка.

Напаследак ён, здаецца, усмiхнуўся ледзь-ледзь, аднымi толькi куточкамi вачэй i, пакiнуўшы ў вестыбюлi моцны, непрывычны тут пах махоркi, выйшаў. Ёй чамусьцi адразу зрабiлася вельмi самотна адной i захацелася яшчэ зiрнуць у акно, як ён, няспешна тупаючы па снезе, iшоў да сваёй машыны.

Батарэю ён адрамантаваў, праўда, не пасля абеду, а на другi дзень i зноў, закурваючы, спынiўся ля Фрузыны, пазiраючы, як спрытна мiльгаюць у яе руках сталёвыя пруткi i ўвачавiдкi даўжэе, расце рукавiца.

- Ладныя рукавiцы будуць, - сказаў ён i, злёгку ўсмiхаючыся, з цыгаркай у руцэ, быццам ад сцюжы, пацёр свае шырокiя парэпаныя далонi.

Фрузына вязала рукавiцы на рынак, дзе патроху прадавала ў нядзелю, i цяпер адчула, што за ягоны клопат нечым абавязана гэтаму чалавеку.

- А што, падабаюцца? - спытала яна i нясмела ўзняла вочы. - Можа, звязаць вам, калi не маеце?

- Не, дзякуй, - сказаў шафёр. - Што толку з iх - на адзiн рэйс. Каб тут якiя скураныя i то - на тыдзень, не болей.

Яны зноў разышлiся, i зноў Фрузыне стала нiякавата адной - хацелася яшчэ пагаманiць з гэтым зважлiвым чалавекам, але жанчына ведала, што яна нецiкавая, дык цi будзе ён бавiцца з ёю?



5 из 30