- Не трэба, мама, не трэба... Напалохаем малога.

Яны стаялi, як нiколi блiзкiя адна адной, падтрымлiвалi адна адну за плечы i цiха плакалi - ужо не столькi ад гора, колькi ад гэтай роднасцi адна адной.

А малы, адчуўшы нешта нядобрае, калi пайшла ад яго мацi, саскочыў з ложка i цяпер стаяў у дзвярах i спалохана, разгублена глядзеў на iх. Многа разоў ён плакаў сам, i часцей ад крыўды на дарослых, але гэта было не так i страшна, бо тыя ж дарослыя пасля ўшчувалi яго i ўсё даравалi яму. I цяпер, калi перад iм плакалi бабуля i мацi, яму здалося, што парушылася, разышлося, як вада, нешта зразумелае, звыклае, i яму чамусьцi падумалася, што гэта ён вiнаваты ва ўсiм, i ўпершыню можа не столькi зразумеў, колькi адчуў ён, якая хiсткая мяжа аддзяляе яго ад дарослых, i што, зразумеўшы гэта, трэба браць на свае плечы недзiцячы цяжар.

I ён тады кiнуўся да бабулi i мацi, угаворваў iх ушчуваў.

- Не плачце!.. Я не буду чапаць больш хлеба... Не плачце!.. Я не баюся Змiцеравага "палiцая"... Мама, гэта я так тады плакаў, а ты не плач...

...Было гэта на чацвертым годзе вайны.

1964 г.



7 из 7