
- Сынок, сынок, чаго ты? Не бойся, - спалохана гаварыла над iм мацi i накрывала яго, мацала рукою ягоны лоб. Была нястрашная, вялiкая i добрая гэта рука, i ён заплюшчыў вочы i, сцiшыўшыся, так ляжаў - паспакайнелы i бяздумны. Яму стала невыказна лёгка, ён не бачыў, як глядзела на яго мацi, ён толькi здзiвiўся, калi адчуў, як закалацiлася яе цела, як яна прыпала да яго, i тады нешта страшна i моцна тузанулася ў яе грудзях, дрыготка i моцна забiлася ў горле.
- А сыночак мой, а сiрацiначка мая, - жалiлася мацi, - нiхто цябе не пашкадуе, нiхто цябе не абаронiць. А цi ж ты вiнаваты, што бацька недзе злажыў галаву, што нiхто не ведае, дзе яго магiлка... I гэты Змiцераў смоўж цябе б'е - чаго ж ты, сыночак, яму паддаўся?
Яна забылася ўжо, што нядаўна думала пра жорсткасць да сябе i да людзей, адчувала, што гэта нядобра - так гаварыць над сынам i плакаць, але не магла стрымаць сябе i душылася плачам. I яна не бачыла, як да адчыненых дзвярэй, што вялi на чыстую палавiну хаты, падышла старая, цiха стаяла там, горбячы плечы, - яна схамянулася, калi пачула яе цiхi, трывожлiва выразны голас:
- Марусь, а Марусь?! Iдзi-тка сюды...
Яна адхiснулася ад малога, устала, паспешлiва выцiраючы слёзы, i пайшла да дзвярэй, не разумеючы, чаго хоча ад яе старая, але наперад абыякавая да ўсяго. I зноў каторы ўжо раз уразiў яе свякроўчын твар, пакутлiва невiдушчыя, стоеныя вочы. Яна не паспела яшчэ што-небудзь падумаць, як стараля здалося, пахiснулася перад ёй, сашчапiла ля твару рукi, i толькi тады яна зразумела: гора сваё не выплакаць ёй адной, старая плача пра тое, пра што плача i яна.
- Марусечка мая мiлая, - не гаварыла, а шаптала, нiбы дапытвалася ў некага, старая, - што ж нам цяпер рабiць без нашага Андрэйкi? За якiя ж грахi асiрацiў нас бог?
