
Сартр Жан Поль
Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)
Жан-Поль Сартр
Начальнiкава дзяцiнства
Пераклаў Змiцер Колас
"Я проста чароўны ў гэтым анёльскiм гарнiтурчыку". Гэта панi Парцье так сказала маме: "Ваш сынуля сапраўдны цуд! Ён проста чароўны ў гэтым анёльскiм гарнiтурчыку". Пан Буфардзье падцягнуў Люсьена да сябе i, паставiўшы мiж каленяў, палашчыў за плечы. "Ды гэта ж дзяўчынка, - з усмешкай прамовiў ён. Ану, як цябе зваць? Жаклiна, Люсьена, Марго?" Люсьен густа пачырванеў i буркнуў: "Мяне зваць Люсьен". Ён быў i сам ужо не вельмi ўпэўнены, што ён не дзяўчынка: вельмi многiя абдымалi i цалавалi яго, называючы пры гэтым паненкай, i ўсе лiчылi, што ён вельмi прыгожанькi ў гэтай доўгай блакiтнай сукенцы з празрыстымi крылцамi, з голымi да плечаў ручкамi i такiмi бялявымi кудзеркамi. Люсьен баяўся, каб людзi раптам не вырашылi, што ён болей не хлопчык, бо тады пярэч - не пярэч, нiхто цябе слухаць не будзе, I яму нiколi ўжо не дазволяць расставацца з сукенкай, хiба што перад сном, а ранiцай, прачынаючыся, ён зноў будзе бачыць яе ў нагах каля ложка. А калi днём ён захоча пiпi, яму трэба будзе яе задзiраць, як Нанеце, i садзiцца на кукiшкi. I ўсе будуць казаць яму: "Мiлая мая любачка". "А можа, ужо так i ёсць, можа, я ўжо дзяўчынка?" Усярэдзiне ён адчуваў такую млявасць i слодыч, што яму рабiлася нават крыху млосна; словы зляталi з яго губ, прамоўленыя вельмi мяккiм, вельмi пяшчотным голасам, i, абыходзячы госцяў, ён раздорваў кветкi вельмi зграбнымi, плаўнымi рухамi; яму так i карцела пацалаваць сябе ў згiн рукi каля локця. Ён падумаў: усё гэта не па-сапраўднаму, гэта быццам. Яму вельмi падабалася, калi штось было быццам, а больш за ўсё ён навесялiўся ў апошнi дзень перад вялiкiм постам; яго прыбралi тады ў П'еро, i яны з Рыры лёталi, гарлалi, скакалi паўсюль i хавалiся пад сталамi. А мама дала яму лёгенькага плескача ларнетам i сказала: "Я ганаруся сваiм сынулькам". Яна была самавiтая i прыгожая - сярод усiх паняў яна была сама высокая i найтаўсцейшая.
