Калi Люсьен прабягаў каля доўгага, пакрытага белай сурвэткай буфета, тата, якi стаяў якраз побач i пiў з келiха шампанскае, ухапiў яго i, падняўшы на рукi, сказаў: "Ну што, паночку!" Люсьену захацелася заплакаць i сказаць: "Ну!" I ён папрасiў апельсiнавага напiтку, бо той быў вельмi халодны i яму заўсёды забаранялi яго пiць. Яму налiлi ўсяго на два пальцы ў зусiм маленькую шкляначку. Смак у напiтку быў дзiўны i лiпкi, але ён быў зусiм не такi ўжо халодны. Люсьен раптам прыгадаў, як яму, калi ён быў хворы, давалi пiць з апельсiнавым напiткам рыцыну. Ён загаласiў i супакоiўся толькi тады, калi апынуўся ў машыне, мiж мамай i татам. Мама прыцiскала Люсьена да сябе, яна была цёплая i духмяная, i мяккая ў сваёй ядвабнай сукенцы. Час ад часу ў машыне ўсё рабiлася белае, нiбы крэйда, Люсьен пачынаў лыпаць вачыма, браткi на мамiнай кофце вынырвалi з прыцемку, i ён раптам адчуваў iх водар. Ён трошкi яшчэ ўсхлiпваў, але ўсярэдзiне адчуваў прыемную вынегу, i казытанне, i нейкую ледзь прыкметную лiпкую слодыч, як у апельсiнавага напiтку; яму хацелася паплюхацца ў сваiх маленькiх начоўках, i каб мама мыла яго гумовай вяхоткай. Яму дазволiлi легчы ў мамiнай i татавай спальнi, як тады, калi ён яшчэ быў немаўлятка; ён смяяўся, рыпеў спружынамi на маленечкiм ложку, i тата сказаў: "Ён вельмi ўзбудзiўся". Яму далi трошкi вады, настоенай на апельсiнавых кветках, i ён убачыў тату без пiнжака.

Назаўтра Люсьен быў упэўнены, што нешта забыў. Ён выдатна памятаў сон, якi яму снiўся: тата i мама былi ў анёльскiм адзеннi. Люсьен голы сядзеў на гаршку, граў на бубне, а тата i мама ляталi вакол - гэта быў нейкi кашмар. Але да сну было нешта яшчэ: Люсьен, вiдаць, прачынаўся. I калi ён стараўся ўспомнiць, то бачыў доўгi чорны тунель, асветлены маленькай сiняю лямпачкай, вельмi падобнай да начнiка, што кожны вечар запальвалi ў бацькоўскiм пакоi. I недзе ў самай глыбiнi гэтага чорна-сiняга змроку нешта адбывалася - нешта белае. Ён сеў на падлогу каля мамы i ўзяў бубен.



2 из 86