Ён нярэдка яшчэ круцiўся ў гасцёўнi, калi да мамы прыходзiлi госцi, але цяпер, калi яму падстрыглi бялявыя кудзеркi, дарослыя ўжо не звярталi на яго столькi ўвагi, а калi i звярталi, то каб прачытаць мараль цi расказаць павучальную гiсторыю. Таму, калi да iх у Фероль, уцякаючы ад бамбёжак, прыехалi яго стрыечны брат Рыры са сваёй прыгожаю мамай, цёткаю Бертай, Люсьен быў вельмi рады i паспрабаваў навучыць Рыры таксама гуляць у бэбу. Але той быў вельмi заклапочаны сваёю нянавiсцю да бошаў, i апроч таго у iм яшчэ адчувалася дзiцё, хоць ён на цэлыя шэсць месяцаў быў старэйшы за Люсьена. Увесь твар у Рыры быў у рабацiннi, i яму не заўсёды ўдавалася ўсё як след зразумець. Але менавiта яму Люсьен даверыў, што ён - самнамбул. Ёсць людзi, якiя ўстаюць сярод ночы, i размаўляюць, i гуляюць, не прачынаючыся; Люсьен прачытаў гэта ў кнiжцы "Маленькi ўсёзнайка" i тады ж падумаў, што, напэўна, ёсць нейкi сапраўдны Люсьен, якi ходзiць, гаворыць i па-сапраўднаму любiць сваiх бацькоў уначы, а калi настае ранiца, усё забывае i зноў пачынае прыкiдвацца, што ён Люсьен. Спачатку ён сам верыў у гэтую выдумку толькi напалову, але аднойчы яны пайшлi да зараснiку крапiвы, i Рыры паказаў там Люсьену свой пiцэк i сказаў:

- Паглядзi, якi ён у мяне вялiкi, я ўжо дарослы хлопчык, а калi ён зусiм вырасце, я буду мужчына i пайду бiцца з бошамi, у акопах.

Рыры здаўся Люсьену вельмi пацешным, i ён аж пакацiўся ад смеху.

- Ану, пакажы свой, - сказаў Рыры.

Яны параўналi, i Люсьенаў аказаўся меншы. Але Рыры махляваў: ён трошкi адцягваў свой, каб зрабiць яго крыху даўжэйшым.

- У мяне большы, - сказаў Рыры.

- Ну i што, - спакойна адказаў Люсьен, - а я затое самнамбул.

Рыры не ведаў, што такое самнамбул, i Люсьен вымушаны быў яму растлумачыць. Скончыўшы тлумачэннi, ён падумаў: "Значыць, я такi сапраўды самнамбул", - i яму жудасна захацелася заплакаць. Яны спалi ў адным ложку i дамовiлiся, што гэтаю ноччу Рыры спаць не будзе, каб сачыць за Люсьенам, а калi той устане, Рыры запомнiць усё, што ён будзе казаць.



10 из 86