
- А пасля ты мяне пабудзiш, i мы паглядзiм, цi буду я што-небудзь памятаць.
Увечары Люсьен доўга не мог заснуць, i калi пачуў побач сапенне, вымушаны быў сам будзiць свайго брата.
- Адчапiся, - буркнуў Рыры.
- Прачынайся! Рыры, ты ж павiнен глядзець, як я ўстану.
- Дай паспаць, - прамовiў Рыры, ледзь варочаючы языком.
Люсьен пачаў яго трэсцi i шчыкаць праз начную сарочку. Рыры дрыгнуў нагамi, прачнуўся i так застаўся ляжаць, шырока расплюшчыўшы вочы, з дзiўленай застылай усмешкай. Люсьен пачаў марыць пра ровар, якi яму абяцаў купiць тата, пачуў свiст цягнiка, i потым раптам увайшла пакаёўка i рассунула фiранкi, было восем гадзiн ранiцы. Люсьен так i не даведаўся, што ён робiць уначы. Гэта было вядома аднаму Богу, бо Бог бачыў усё. Люсьен укленчваў у царкве на малiтоўнай лавачцы i стараўся быць паслухмяны, каб мама пасля iмшы пахвалiла яго; але Бога ён ненавiдзеў; Бог ведаў пра Люсьена болей, чым сам Люсьен. Ён ведаў, што Люсьен не любiць нi мамы, нi таты i што ён толькi прыкiдваецца паслухмяным, а сам па вечарах мацае ў ложку пiцэк. На шчасце, Бог не мог усяго памятаць, бо на свеце ёсць столькi маленькiх хлопчыкаў. I калi Люсьен стукаўся лбом i казаў: "Тако-так", - Бог адразу забываў усё, што бачыў. Апроч таго, Люсьен стараўся запэўнiць Бога, што любiць маму, i часам паўтараў у думках: "Як я люблю сваю мiлую мамачку!" Але ўсё роўна нейкi куточак у iм заўжды заставаўся не вельмi ў гэтым упэўнены, i пан Бог, натуральна, бачыў гэты куточак. У такiм выпадку выйграваў Ён. Але часам у тое, што кажаш, удавалася паглыбiцца цалкам. Трэба было, добра артыкулюючы, вельмi хутка прамовiць: "О! Як я люблю сваю мамачку!" - i ўбачыць мамiна аблiчча, i адчуць сябе такiм расчуленым, i цьмяна-цьмяна думаць, што пан Бог на цябе глядзiць, а пасля пра гэта ўжо нават зусiм не думаць, i тады ў вушах пачыналi скакаць словы: мама, мама, МАМА.
