
- А я таксама буду начальнiк? - спытаўся Люсьен.
- Вядома, дзеля гэтага я цябе i зрабiў.
- А кiм я буду кiраваць?
- Ну, калi я памру, ты зробiшся гаспадаром майго завода i будзеш кiраваць маiмi рабочымi.
- Але ж яны таксама памруць.
- Ну, значыць, ты будзеш кiраваць iх дзецьмi, i табе трэба будзе навучыцца рабiць гэта так, каб яны цябе слухалiся i любiлi.
- Тата, а што трэба рабiць, каб мяне любiлi?
Тата крыху задумаўся i сказаў:
- Перш за ўсё ты павiнен ведаць усiх на iмя.
Люсьен быў гэтым глыбока ўсхваляваны, i калi да iх у дом прыбег сын майстра Марэля, каб паведамiць, што яго бацьку адсекла два пальцы, Люсьен гутарыў з iм сур'ёзным спагадлiвым голасам i глядзеў проста ў вочы, называючы хлопца па прозвiшчы. Мама сказала, што ганарыцца сваiм сынулькам, бо ён такi добры i чулы.
Потым быў падпiсаны мiр, тата кожны вечар уголас чытаў газету, усе гаманiлi пра расейцаў, нямецкi ўрад i перадзелы, i тата паказваў Люсьену на карце краiны; Люсьен правёў сама нудны год у сваiм жыццi - яму больш падабалася, калi была вайна; цяпер жа ва ўсiх быў бесклапотны выгляд, i агеньчыкi, што гарэлi ў вачах у панi Кафэн, пагаслi. У кастрычнiку 1919 года панi Флёр'е аддала Люсьена ў школу св. Ёзэфа, дзе ён меў вучыцца экстэрнам.
У кабiнеце абата Жэрамэ было цёпла, Люсьен стаяў побач з абатавым крэслам, трымаў рукi за спiнай i мужна нудзiўся. "Хутка ўжо мама пойдзе?" - думаў ён. Але панi Флёр'е не збiралася пакуль што iсцi. Яна сядзела на самым краёчку зялёнага фатэля, наставiўшы на абата ёмiстыя грудзi, i гаманiла тым спешлiвым i меладычным галасочкам, якi ўзнiкаў у яе заўсёды, калi яна злавалася i не хацела гэтага паказаць. Абат гаварыў марудна, прамоўленыя iм словы здавалiся намнога даўжэйшымi, чым у другiх людзей, нiбыта раней, чым iх вымавiць, ён абсмоктваў iх, як цукровыя ледзяшы. Ён тлумачыў маме, што Люсьен добры, ветлiвы i працавiты хлопчык, але страшэнна да ўсяго абыякавы, i панi Флёр'е адказвала, што гэта вельмi яе засмучае, бо яна спадзявалася, што перамена ў асяроддзi пойдзе на карысць яе сыну. Яна спытала, цi гуляе ён, прынамсi, на перапынках.
