Вядома, усё гэта доўжылася ўсяго толькi iмгненне, - амаль гэтаксама, як тады, калi Люсьен стараўся ўтрымаць крэсла ў раўнавазе, паставiўшы яго на дзве ножкi. Але калi якраз у гэты момант сказаць: "Така-тук", - пан Бог быў абдураны: ён бачыў усё толькi добрае i гэта заставалася ў яго памяцi назаўжды. Але хутка такая гульня надакучыла Люсьену: яна патрабавала вялiкага намагання, i ўрэшце нiколi немагчыма было цалкам упэўнiцца, выйграў пан Бог цi прайграў. Пасля першай Люсьенавай прычасцi кюрэ сказаў пра яго, што гэта сама пабожны хлопчык усяго катэхiзiса. Люсьен хутка ўсё цямiў i меў добрую памяць, але ў галаве ў яго заўсёды стаяў туман.

Прасвятленне прыходзiла па нядзелях. Туманная смуга развейвалася, калi Люсьен з татам iшлi прагуляцца па Парыжскай дарозе. На Люсьене быў прыгожы марацкi гарнiтур, яны сустракалi татавых рабочых, i тыя вiталiся з татам i сынам, а тата падыходзiў да iх, i яны казалi: "Дзень добры, пане Флёр'е", - i: "Дзень добры, маленькi пане". Люсьену рабочыя падабалiся: яны былi ўсе дарослыя, але не такiя, як iншыя. Перш за ўсё, яны называлi яго панам. I апроч таго - заўсёды хадзiлi ў картузах. У iх былi вялiкiя рукi з коратка падстрыжанымi пазногцямi, i Люсьену здавалася, што яны ў iх патрэсканыя i вельмi баляць. У рабочых быў адказны i паважны выгляд. Дзядзьку Булiго, напрыклад, нельга было б пацягаць за вус: тата пасварыўся б тады на Люсьена. Але калi дзядзька Булiго гутарыў з татам, то заўсёды здымаў картуз, а тата i Люсьен стаялi ў шапках, i тата казаў густым, усмешлiвым голасам:

- Ну што, куме Булiго, чакаем сыночка? I калi яму будзе дазволена паказацца на свет?

- У канцы месяца, пане Флёр'е, дзякуй, пане Флёр'е.

Дзядзька Булiго ўвесь свяцiўся ад радасцi, ён нiколi б сабе не дазволiў даць Люсьену плескача па азадку цi назваць жабянём, як гэта рабiў пан Буфардзье. Люсьен ненавiдзеў пана Буфардзье - за тое, што той быў такi брыдкi. А калi бачыў дзядзьку Булiго, на душы ў яго рабiлася так пяшчотна i яму хацелася быць добрым. Аднойчы, калi яны вярталiся са шпацыра, тата ўзяў Люсьена сабе на каленi i растлумачыў, што такое начальнiк. Люсьену было цiкава, як тата размаўляе з рабочымi на заводзе, i тата паказаў. Голас у яго вельмi змянiўся.



12 из 86