"Шардзiна".

Люсьен сядзеў за сваiм маленькiм пiсьмовым столiкам з чырвонага дрэва. Жэрмена была ў кухнi, мама яшчэ не вярнулася. Каб выправiць арфаграфiю, ён напiсаў на чыстай паперы: "Жардзiна". Але слова здалося надта знаёмым i не выклiкала нiякага ўражання. Ён клiкнуў:

- Жэрмена, Жэрмена, дарагая!

- Ну што вам яшчэ? - спытала Жэрмена.

- Жэрмена, я хачу, каб вы напiсалi на гэтай паперы: "Люсьен Флёр'е жардзiна".

- Ды вы здурнелi, пане Люсьен?

Люсьен абняў яе за шыю рукамi.

- Ну, Жэрмена, Жэрменачка, ну, калi ласка.

Жэрмена засмяялася i выцерла зашмальцаваныя пальцы аб фартух. Пакуль яна пiсала, Люсьен стараўся на яе не глядзець, а потым адразу схапiў лiст, панёс яго ў спальню i доўга там разглядаў. Почырк у Жэрмены быў востры, i Люсьену здавалася, што нечый сухi голас кажа яму ў самае вуха: "Жардзiна". Ён падумаў: "Я высокi". Яго душыў сорам: ён быў гэткi ж высокi, як Барато - карапуз, i iншыя з гэтага кпiлi ў яго за спiнай. Перад iм нiбыта раскрылi лёс: дагэтуль ён лiчыў натуральным, што яму даводзiцца глядзець на сяброў зверху ўнiз. Але цяпер раптам ён быў нiбыта асуджаны на ўсю рэшту жыцця - быць высокiм. Увечары ён запытаўся ў таты, цi можна паменшаць, калi захочаш гэтага з усяе сiлы. Але пан Флёр'е адказаў, што не: у iх сям'i ўсе былi высокiя i дужыя i Люсьен яшчэ падрасце. Люсьен быў у роспачы.

Калi мацi паклала яго ў ложак i падаткнула коўдрай, ён пачакаў, пакуль яна выйдзе, устаў i падышоў да люстра. "Я высокi", - падумаў ён. Але глядзецца ў люстра было дарэмна: там нiчога было не вiдно, ён быў нi высокi, нi нiзкi. Ён прыўзняў крыху начную сарочку i зiрнуў на свае ногi; яму ўявiлася, як Касцiль кажа Эбрару: "Ты глянь, якiя ў жардзiны даўжэзныя ногi". Гэта яго рассмяшыла.



15 из 86