Але ў пакоi было холадна, i Люсьена перасмыкнула. I адразу нехта сказаў: "У жардзiны гусiная скура!" Тады Люсьен высока задраў падол, i яны ўбачылi яго пуп i ўсе прычындалы, а ён хутка пабег да ложка i шмыгнуў пад коўдру. Сунуўшы руку пад сарочку, ён падумаў, што Касцiль яго бачыць i кажа: "Гэй, вы паглядзiце, што робiць гэтая жардзiна!" Ён круцiўся i варочаўся ў ложку i мармытаў пад нос: "Жардзiна, жардзiна", - пакуль пад пальцамi не пачало трошкi свярбець i пячы.

Наступнымi днямi яму ўвесь час рупiла папрасiцца ў абата перасесцi на заднюю парту. Гэтае жаданне яго мучыла праз Касцiля, Вiнкельмана i Буасэ, якiя сядзелi ззаду i зырылiся яму ў карак. Люсьен добра адчуваў свой карак, але бачыць яго не мог i часта зусiм забываў. I калi ён, стараючыся як мага лепш адказаць абату, чытаў на памяць маналог Дона Дыегi, iншыя, седзячы ззаду, глядзелi яму ў карак i маглi цiха хiхiкаць, думаючы: "Якi ён у яго худы, аж дзве жылiны тырчаць". Люсьен высiльваўся, напаўняючы свой голас пачуццем, каб выказаць Дона Дыегава абурэнне, - са сваiм голасам ён рабiў усё, што хацеў, але карак тым часам заставаўся на месцы, спакойны i невыразны, як у таго, хто адпачывае, i Басэ яго бачыў. Перасесцi Люсьен усё ж не рашыўся, бо апошняя лава прызначалася лайдакам, але лапаткi i патылiца яму ўвесь час свярбелi, i ён безупынку чухаўся.

Люсьен прыдумаў новую гульню: ранiцай, адзiн, як дарослы, падмываючыся ў прыбiральнi, ён любiў уяўляць, што за iм хто-небудзь падглядае ў замочную шчылiну: Касцiль, цi Жэрмена, цi дзядзька Булiго. Тады ён нiбы незнарок пачынаў паварочвацца то так, то сяк, каб яго ўбачылi з усiх бакоў, а часам ставаў на карачкi i, павярнуўшыся да дзвярэй задам, выпiнаў яго, каб ён зрабiўся круглы i смешны; а пан Буфардзье быццам па-воўчы падкрадваўся, каб прыставiць яму клiзму-анэму. Аднойчы, седзячы ў прыбiральнi, Люсьен пачуў нейкае шорганне: гэта Жэрмена вашчыла ў калiдоры буфет. Сэрца ў яго спынiлася, ён цiха адчынiў дзверы i выйшаў са спушчанымi на пяты штанамi i задранаю да паяснiцы кашуляй. Каб не страцiць раўнавагi, ён вымушаны быў рухацца невялiкiмi скачкамi. Жэрмена зiрнула на яго безудзельным вокам.



16 из 86