
Пераезд Флёр'е ў Парыж быў успышкаю магнiю. Кiнатэатры, аўтамабiлi, вулiцы не давалi Люсьену заснуць. Ён навучыўся адрознiваць "вуазэн" ад "пакарда", "хiспана-сюiза" ад "ролс-ройса" i пры выпадку любiў гаманiць пра машыны з нiзкай пасадкай; ужо болей за год ён хадзiў у доўгiх штанах. Каб узнагародзiць сына за паспяховае заканчэнне першай паловы цыкла на ступень бакалаўра, бацька паслаў яго ў Англiю; Люсьен убачыў разбухлыя ад вады лугi i белыя скалы, пазаймаўся боксам з Джонам Латымерам i навучыўся плаваць на адным баку, але аднойчы ранкам ён прачнуўся ў былой дрымоце, i ўсё пачалося зноў: у Парыж ён вярнуўся заснулы. У падрыхтоўчым класе матэматыкi ў лiцэi Кандрасэ было трыццаць сем вучняў. Восем сярод iх лiчылi, што паспелi ўжо набрацца розуму, былi сапраўдныя вiсусы i да астатнiх ставiлiся звысоку, як да малявак. Вiсусы пагарджалi Люсьенам да першага лiстапада, але ў дзень Усiх Святых Люсьен пайшоў на шпацыр з сама вялiкiм вiсусам, Гары, i неяк мiж iншым падзялiўся з iм сваiмi шырокiмi анатамiчнымi ведамi. Гары быў ашаломлены. У банду вiсусаў Люсьен не ўвайшоў, таму што бацькi не дазвалялi яму гуляць па вечарах, але цяпер яго адносiны з iмi былi як у роўнага з роўнымi.
