Нiчога прыемнага ў гэтым не было: пастухi адразу адскочылi назад, i Люсьену здалося, што ён глядзiць на iх у перакулены бiнокль. Замест былога млявага здзiўлення, якое было такiм мяккiм i так салодка хуталася ў свае ж складкi, цяпер узнiкла вельмi бадзёранькая, няўпэўненасць, якая пыталася: "Хто я?"

"Хто я? Я гляджу на стол, гляджу на сшытак. Мяне зваць Люсьен Флёр'е, але гэта толькi iмя. Я задзiраю нос. Цi не задзiраю носа. Чорт, у гэтым няма нiякага сэнсу.

Я добры вучань. Не. Гэта прытворства: добры вучань любiць працаваць, а я не. Я не тое што адчуваю да працы агiду, але мне на яе начхаць. Мне начхаць на ўсё. Я нiколi не буду начальнiкам". Ён з трывогай падумаў: "Але хто ж я тады буду?" Прайшоў пэўны час; ён пачухаў шчаку i мiргнуў левым вокам, бо яго асляпляла сонца: "Што я такое, што я?" Вакол быў толькi туман, ён закручваўся слупам i не хацеў раскрывацца. "Я!" Ён зiрнуў удалечыню; слова звiнела ў яго ў галаве, i потым здалося, быццам там нешта ўгадваецца, накшталт цёмнага спiчака пiрамiды, гранi якой знiкаюць з вачэй, нешта там было ўдалечынi, у тумане. Люсьена перасмыкнула, рукi ў яго дрыжалi: "Так i ёсць, - падумаў ён, - так i ёсць! Я быў у гэтым упэўнены: я не iсную".

Наступнымi месяцамi Люсьен часта стараўся зноўку заснуць, але яму не ўдалося. Ён спраўна спаў уначы па дзевяць гадзiн у суткi, але рэшту часу быў жвавы i ўсё болей i болей няўпэўнены. Бацькi казалi, што ён нiколi так добра не выглядаў. А ён, часам прыгадваючы, што нiчога начальнiцкага ў iм няма, адчуваў сябе рамантычна, i яму хацелася гадзiнамi гуляць пад месяцам, але бацькi ўсё яшчэ не дазвалялi яму выходзiць увечары. Тады ён клаўся ў ложак i мераў тэмпературу: тэрмометр паказваў 37,5 цi 37,6, i Люсьен з горкаю радасцю думаў, што бацькi лiчаць яго здаровым. "Я не iсную". Ён заплюшчваў вочы i даваў волю ўяўленню: "Iснаванне толькi iлюзiя; i калi я ведаю, што не iсную, значыць, мне досыць заткнуць вушы, нi пра што не думаць, i я перайду ў нябыт". Але iлюзiя была вельмi моцная.



22 из 86