Як бы там нi было, Люсьен цяпер меў над людзьмi прыхаваную перавагу - ён ведаў сакрэт. Той жа Гары, напрыклад, iснаваў не больш за Люсьена, але досыць было паглядзець, як ён фыркае i сапе перад сваiмi паклоннiкамi, каб адразу зрабiлася ясна, што ён верыць у сваё iснаванне цвёрда, як сталь. I пан Флёр'е таксама не iснаваў, нi Рыры, наогул - нiхто: увесь свет быў толькi камедыяй без актораў. Атрымаўшы адзнаку 15* за даклад "Мараль i навука", Люсьен задумаў напiсаць "Трактат пра нябыт".

* У Францыi дваццацiбальная сiстэма адзнак.

Ён уяўляў, што людзi, прачытаўшы яго, пачнуць знiкаць адзiн за адным, як ваўкалакi за першымi пеўнямi. Але раней чым пачаць трактат, ён хацеў ведаць думку свайго настаўнiка фiласофii - Павiяна.

- Прабачце, пане, - спытаў Люсьен, калi ўрокi скончылiся, - цi можна даказаць, што мы не iснуем?

Павiян адказаў, што не.

- Гогiта, - сказаў ён, - эрга сум. Вы iснуяце ўжо таму, што сумняваецеся ў сваiм iснаваннi.

Люсьена гэта не пераканала, але пiсаць трактат ён перадумаў. У лiпенi ён без асаблiвага бляску здаў экзамен на ступень бакалаўра i вярнуўся з бацькамi ў Фероль. Няўпэўненасць яго так i не пакiнула, заняўшы месца былой любовi чхаць.

Дзядзька Булiго памёр, i настрой думак у рабочых пана Флёр'е вельмi змянiўся. Яны атрымлiвалi цяпер вялiкi заробак, i iх жонкi куплялi сабе ядвабныя панчохi. Панi Буфардзье расказвала панi Флёр'е жудасныя навiны:

- Мая пакаёўка казала, што бачыла ўчора ў мясной лаўцы малую Ансiому, дачку аднаго рабочага вашага мужа. Памятаеце, мы яшчэ ёй дапамагалi, калi ў яе памерла мацi. Цяпер яна пабралася з наладчыкам Баперцюi. Дык вось, уяўляеце, яна брала курыцу за дваццаць франкаў! I якiм тонам! Iм усяго ўжо мала, яны хочуць, каб у iх было ўсё, як у нас.

Цяпер, калi Люсьен хадзiў з бацькам на шпацыр, рабочыя, заўважыўшы iх, толькi ледзь дакраналiся да картузаў, а некаторыя, каб не вiтацца, наогул пераходзiлi вулiцу.



23 из 86