
Поршань рухае магутныя машыны,
Поршань рухае вагоны й цягнiкi...
Такое новае "поршневае" званне напаўняла Люсьена гордасцю; апроч таго, iх клас быў непадобны да iншых: у iм былi свае традыцыi, свой цырыманiял, i гэта была сiла. Напрыклад, быў такi звычай, калi за пятнаццаць хвiлiн да канца заняткаў па французскай мове чый-небудзь голас пытаўся: "Хто такi сiрар?" I ўсе глуха адказвалi: "Казёл!" На што той жа голас пытаўся зноў: "Хто такi агрон?" I ўсе адказвалi крыху гучней: "Казёл!"*
* Поршань, сiрар, агрон - мянушкi студэнтаў Вышэйшых навучальных устаноў, адпаведна: Цэнтральнай школы (цывiльная iнжынерыя), Школы Сэн-Сiра (вайсковая iнжынерыя) i Вышэйшай сельскагаспадарчай школы.
Тады пан Бэцюн, якi быў амаль сляпы i насiў чорныя акуляры, паварочваўся i стомлена прамаўляў: "Панове, прашу вас!" Колькi хвiлiн панавала поўная цiшыня, вучнi пераглядвалiся са змоўнiцкiмi ўсмешкамi, i потым хто-небудзь крычаў: "А хто такi поршань?" - i ўсе хорам гарлалi: "Гэта файны тып!" У падобныя моманты Люсьен адчуваў сябе як наэлектрызаваны.
