Аднойчы Люсьен сустрэў сына Булiго, Жуля, але той нават выгляду не падаў, што яго пазнае. Люсьен быў трошкi абражаны. Гэта быў добры выпадак, каб даказаць, што ты - начальнiк. Ён уперыўся ў Жуля арлiным позiркам i рушыў на яго, заклаўшы рукi за спiну. Але Булiго гэта зусiм не збянтэжыла: ён зiрнуў на Люсьена пустымi вачыма i, свiшчучы, прайшоў мiма. "Ён мяне не пазнаў", - вырашыў Люсьен. Але гэта яго вельмi расчаравала, i наступнымi днямi ён яшчэ больш, чым раней, думаў, што свет не iснуе.

Маленькi рэвальвер панi Флёр'е ляжаў у левай шуфлядзе камода. Ёй падарыў яго муж у кастрычнiку 1914-га перад тым, як пайсцi на фронт. Люсьен узяў яго i доўга круцiў у руках: ён быў падобны да цацкi - залачоная руля, дзяржанне з мацiцовымi бляшкамi. Каб пераканаць людзей, што яны не iснуюць, разлiчваць на фiласофскi трактат немагчыма. Тут патрэбен учынак, i ўчынак сапраўды адчайны, якi мог бы развеяць усякую двухсэнсоўнасць i паказаць у яркiм святле рэальны нябыт гэтага свету. Гучны выбух, на дыване - маладое цела ў крывi, некалькi словаў, накрэмзаных на лiсточку паперы: "Я забiваю сябе, таму што не iсную. I вы, браты мае, вы таксама - нiшто!" Людзi прачытаюць у ранiшнiх газетах - i ўбачаць: "Падлетак адважыўся!" Усе будуць страшэнна збянтэжаныя, i кожны спытае ў сябе: "А я? Цi я iсную?" У гiсторыi ўжо вядомы - напрыклад, пасля публiкацыi "Вертэра" - падобныя эпiдэмii самазабойстваў: Люсьен падумаў, што французскае слова "martyr"* па-грэчаску азначае "сведка".

* Маrtyr (франц.) - пакутнiк.

Няхай ён быў занадта чуллiвы, каб зрабiцца начальнiкам, але не настолькi, каб з яго не выйшаў пакутнiк. Цяпер ён часта заходзiў у будуар сваёй мацi i разглядаў рэвальвер, нiбыта ўпадаючы ў агонiю. Часам ён нават закусваў залачоную рулю i моцна сцiскаў у пальцах дзяржанне. Але ўвогуле ён быў даволi вясёлы i думаў, што ўсе сапраўдныя начальнiкi адчувалi спакусу самазабойства. Напрыклад, Напалеон. Люсьен не хаваў ад сябе, што дайшоў да астатняй ступенi роспачы, але спадзяваўся, што выйдзе з гэтага крызiсу з загартаванай душой, i з цiкаўнасцю прачытаў "Мемарандум св.



24 из 86