
Хутка Люсьен заўважыў, што яго сяброўства з Берлiякам грунтуецца на нейкiм непаразуменнi: нiхто, вядома, не адчуваў так, як ён, усяго патэтычнага хараства Эдыпава комплексу, але перш за ўсё ён бачыў у iм адзнаку магутнай страсцi, якую спадзяваўся пазней накiраваць на iншыя мэты. А Берлiяку, здавалася, наадварот - падабаўся такi яго стан, i ён не хацеў яго пазбывацца. "Гамон нам з табой, - з гордасцю казаў ён, - марнiкi мы, нiчога з нас нiколi не выйдзе". "Нiколi нiчога", - рэхам азываўся Люсьен. Але ўсярэдзiне ў яго ўсё кiпела.
Вярнуўшыся з велiкодных канiкул, Берлiяк расказаў Люсьену, што ў Дыжоне яны з мацi жылi ў гатэлi ў адным пакоi: аднойчы ён устаў вельмi рана i падышоў да матчынага ложка; мацi яшчэ спала, i ён прыўзняў яе коўдру. "Начная сарочка ў яе задзерлася", - хiхiкаючы, паведамiў Берлiяк. Пачуўшы такое, Люсьен не змог перамагчы пэўнай пагарды да свайго сябра, i яму зрабiлася вельмi самотна. Вядома, нiчога кепскага ў тым, што ў цябе ёсць комплексы, няма, але трэба ўмець своечасова ад iх пазбаўляцца: як можа дарослы ўжо чалавек браць на сябе адказнасць i кiраваць людзьмi, калi ў яго яшчэ захавалася дзiцячае стаўленне да палавых адносiн? Люсьен пачаў усур'ёз хвалявацца: яму хацелася папытаць парады ў якой кампетэнтнай у падобных пытаннях асобы, але ён не ведаў, да каго звярнуцца.
