
Берлiяк часта казаў яму пра нейкага сюррэалiста, якога звалi Вержэр, той быў вельмi дасведчаны ў праблемах псiхааналiзу i, здаецца, меў на Берлiяка вялiкi ўплыў, але пазнаёмiцца з iм Берлiяк Люсьену нiколi не прапаноўваў. Люсьен быў таксама вельмi расчараваны, бо разлiчваў, што Берлiяк звядзе яго са сваiмi знаёмымi дзеўкамi: ён спадзяваўся, што, калi ў яго будзе прыгожанькая каханка, гэта натуральна i само сабой памяняе хаду яго думак, але Берлiяк цяпер больш не аказваўся пра сябровак. Часам яны хадзiлi гуляць па Вялiкiх бульварах i забаўлялiся, праследуючы некаторых дзяўчат, але гаманiць з iмi не адважвалiся. "Што ты хочаш, стары, - казаў Берлiяк, - мы не з той пароды, каб iм падабацца. Бабы чуюць у нас нешта, што iх палохае". Люсьен не адказваў; Берлiяк пачынаў яму назаляць. Ён часта адпускаў вельмi непрыстойныя жарты ў адрас Люсьенавых бацькоў, называючы iх панам i панi Даўгалыжскiмi. Люсьен выдатна разумеў, што ўвогуле сюррэалiст павiнен пагарджаць буржуазiяй, але панi Флёр'е неаднойчы запрашала Берлiяка ў госцi i заўсёды ставiлася да яго з даверам i дружалюбнасцю; нават калi гэта i не выклiкала ў Берлiяка ўдзячнасцi, то хоць бы звычайны клопат захоўваць прыстойнасць павiнен быў забаранiць яму гаварыць пра яе такiм тонам. Апроч таго, Берлiяк быў проста невыносны са сваёю манiяй пазычаць грошы, якiя нiколi не аддаваў: у аўтобусе ў яго нiколi не аказвалася дробязi, а ў кавярнi за выпiтае i з'едзенае ён браўся фундаваць толькi адзiн раз з пяцi. Аднойчы Люсьен адкрыта яму заявiў, што не разумее гэтага: на яго думку, прыяцелi павiнны падзяляць выдаткi, калi выходзяць у горад разам. Берлiяк глыбакадумна зiрнуў на яго i прамовiў: "Я так i думаў: ты яшчэ на анальнай стадыi", - ён растлумачыў Люсьену фрэйдысцкае ўраўненне "экскрэменты=золата" i фрэйдысцкую тэорыю скупасцi. "Мяне вось што цiкавiць, - сказаў ён, - да якога ўзросту мамка цябе падцiрала?" Яны ледзьве не пасварылiся.