Аднойчы, седзячы пад каштанам, Люсьен сказаў: "Каштан!" - i счакаў. Але нiчога не адбылося. Мама ляжала на верандзе, яна здавалася зусiм маленькаю ў цяжкай, задушлiвай цiшынi. Пахла цёплай травой, можна было б пагуляць у падарожнiка, якi апынуўся ў дрымучым лесе, але ў Люсьена ўжо знiкла ахвота гуляць. Паветра дрыжала па-над чырвоным грэбенем мура, сонца ляжала пякучымi плямамi на зямлi i на руках у Люсьена.

- Каштан!

Было вельмi дзiўна: калi Люсьен казаў маме: "Мая прыгожая мамачка! Мая!" мама ўсмiхалася; калi ён аднойчы назваў Жэрмену "дурында", Жэрмена заплакала i паскардзiлася яго маме. А калi ён казаў: "Каштан", - абсалютна нiчога не адбывалася. Ён прамармытаў цераз зубы:

- Гадкае дрэва! - i не трацячы надзеi, счакаў зноў.

Але ўбачыўшы, што дрэва не варухнулася, паўтарыў гучней:

- Гадкае дрэва, гадкi каштан, чакай, я табе пакажу!

I ён ударыў яго некалькi разоў нагамi. Але дрэва стаяла спакойна - так, нiбыта было драўлянае. За абедам Люсьен сказаў маме:

- А ведаеш, мама, дрэвы, аказваецца, драўляныя.

У той дзень панi Флёр'е не атрымала лiста з паўдзённаю поштай i суха адказала сыну:

- Не строй з сябе дурня.

Люсьен абярнуўся ў бядовага шкоднiка. Ён ламаў усе цацкi, каб паглядзець, як яны зроблены, скрэмзаў на фатэлi падлакотнiк татавым лязом i ў гасцёўнi скiнуў на падлогу старажытную грэчаскую статуэтку, бо яму карцела даведацца, што ў яе ўсярэдзiне; на прагулцы ён ссякаў кiйком галоўкi ў раслiн i кветак i кожны раз быў вельмi расчараваны: усе рэчы здавалiся яму бязглуздымi, яны ў сапраўднасцi нiбыта не iснавалi. Мама часта пыталася ў яго, паказваючы на кветку цi дрэва:



8 из 86