
Натуральна, Люсьен нiколi не павiнен быў выходзiць з саду, гэта было забаронена, i звычайна ён быў паслухмяны хлопчык, але ў той дзень яму хацелася пасваволiць. Ён задзiрлiва зiрнуў на вялiкi куст крапiвы; адразу было вiдаць, што тут - забароннае месца: мур быў крыху чарнаваты, крапiва - злая i шкодная, i пад самым кустом крапiвы нагадзiў сабака; вакол пахла раслiнамi, сабачым калам i цёплым вiном. Люсьен пачаў сцябаць крапiву кiёчкам i закрычаў:
- Я люблю маю маму, я люблю маю маму!
Ён бачыў, як у крапiвы ламаюцца i мiзэрна панiкаюць сцяблiны i як iх белаватыя, пакрытыя пушыстымi валосiкамi шыйкi раскудзельваюцца на дробныя валаконцы, выпускаючы белы сок. Ён чуў, як нейкi тонкi i самотны галасок крычыць: "Я люблю маю маму, я люблю маю маму". Побач лётала i гудзела тоўстая сiняя муха: муха была гнаявая, i Люсьен вельмi яе баяўся; ноздры яму распiраў моцны, забаронны, гнiлосны i спакойны пах. Ён паўтарыў яшчэ раз:
- Я люблю сваю маму!
Але голас здаўся яму чужы, ён жудасна напалохаўся i без аглядкi кiнуўся назад у гасцiную. Пачынаючы з гэтага дня Люсьен быў упэўнены, што не любiць мамы. Ён адчуваў сябе вiнаватым i таму зрабiўся яшчэ больш ласкавы, ён лiчыў, што трэба ўсё жыццё рабiць выгляд, быццам любiш сваiх бацькоў, iначай усе будуць цябе лiчыць злосным вiсусам. Панi Флёр'е заўважала, што з кожным днём сын з ёю ўсё больш пяшчотны; тым летам якраз пачалася вайна, тата пайшоў бiцца на фронце, i мама ў сваёй журбе была шчаслiвая ўжо тым, што Люсьен зрабiўся такi ўважлiвы. Надвячоркам, калi яна з цяжкай душою сядзела ў садзе на раскладным шэзлонгу, ён бегаў у пакой па падушку, якую падсоўваў ёй пад галаву, цi пакрываў капаю ногi, а яна, адбiваючыся, смяялася: "Ды мне будзе горача, мой ты чалавечак, якi ж ты клапатлiвы!" Тады ён, ледзь пераводзячы дых, iмпэтна цалаваў яе i казаў: "Мая мамачка! Мая!" - i потым бег пад каштан.
