З выкiнутых хвалямi галiнак хтосьцi выклаў iмя жанчыны, а можа - коткi цi птушкi - Люка. Я падымаю ўторкнутую ў кружок ад лiтары "ю" гронку арабiны. Ягады халодныя й гаркавыя, але iх хочацца зноў i зноў.

На станцыi Маяры ўдаецца знайсьцi адчыненую кавярню. Яна сустракае мэлёдыяй "Yesterday" i пахам сапраўднае кавы. Гэтая ўтульнасьць, кава, узьбiтыя вяршкi й булачкi з разынкамi здаюцца асколкамi iншага сьвету, i ў маёй грэшнай галаве варушыцца блюзьнерская антыдэмакратычная й агiдная мне самому (але, зараза, варушыцца) думка: што ўсё ж лепей - быць параднай брамаю азiяцкай iмпэрыi цi задворкамi эўрапейскай цывiлiзацыi?

Нешта падобнае вiдавочна рупiць i маiм спадарожнiкам па электрычцы. Адна пара гаворыць па-расейску, другая - па-латыску. "Вот и получили Латвию, свободную от всего", - кажа "русскоязычная" кабецiна й апавядае пра якуюсьцi цi то кладаўшчыцу цi то таваразнаўцу Веру, што ня здала абавязковага iспыту па латыскай мове, бо ня ведала галоўных твораў тутэйшага мэтра жывапiсу.

Пра што гамоняць латышы, я не разумею. Не разумею, апрача таго, што гаворка йдзе пра Дайнiса Iванса, зь якiм я маю гонар быць знаёмым з часоў латыска-беларускага змаганьня супраць праекту Даўгаўпiлскай ГЭС.

Мы былi з Дайнiсам у 1986-м на водным ральлi пратэсту па Дзьвiне; яно пачыналася на мяжы, у Друi, а таму ў менскiх касах нiякiх квiтоў туды не было, хоць бесьперасадачныя вагоны "Менск-Друя" йшлi пустыя.

Я бачыў, як Дайнiс iрваўся да мiкрафону на канфэрэнцыi па абмеркаваньнi праекту ГЭС, калi аўтар праекту масквiч тав. Тверытнеў зь вясёлаю ўсьмешкай даводзiў тубыльцам, што iхнiя найбольш каштоўныя архiтэктурныя помнiкi ў зоне затапленьня вялiкiя белыя бацькi з Масквы абгародзяць бэтоннымi дамбамi i да iх можна будзе, калi заманецца, падплысьцi на чоўне.



10 из 13