Нядаўна Гумiлёў апынуўся значна далей. Засталася ягоная тэорыя этнасаў, згодна зь якой памiж этнасамi йснуе невiдочная сувязь, што выяўляецца або ў прыязнасьцi або ў адкрытым адштурхоўваньнi - нешта накшталт узаемадачыненьняў плюсавых i мiнусавых часьцiнак у сьвеце электрамагнiтных хваляў. Паводле Гумiлёва, на ўзроўнi супэрэтнасаў нiякай натуральнай прыязнасьцi аднаго да аднаго нарадзiцца ня можа. Напрыклад - памiж этнасамi заходне- i ўсходнеэўрапейскiмi. Прыбалтыку ён адносiў да заходнеэўрапейскага, i яшчэ чвэрць стагодзьдзя таму, калi яна была вiзытнаю карткай савецкай iмпэрыi, а я разгружаў з турыстычным гуртком вагоны, пiсаў, што Балтыя неадменна пойдзе на Захад, бо той лiчыць яе хоць i задворкамi, але - сваiмi.

З думкаю, да якога супэрэтнасу належаць беларусы i ад каго яны мусяць непазьбежна адштурхоўвацца, я выходжу ў Дубултах з электрычкi й заглыбляюся ў жоўта-зялёныя ад лiстоты й колеру будынкаў юрмальскiя вулачкi.

Зачыненыя кавярнi з бруднымi вокнамi. П'яная расейская жанчына просiць пяць рублiсаў на чыёсьцi пахаваньне. У двух дзейных шапiках прадаюцца лiтаратурна-мастацкiя творы з сэрыi "Жесткий секс для взрослого чтения" па 10 рублiсаў за штуку. "Приключения молодой женщины" заважылi на ўсе 15. Магчыма, iх выдае сын азэрбайджанскага мiнiстра.

Павыбiваныя й застаўленыя фанэраю вокны нацыяналiзаванага пансiянату "Прибалтика". Дом творчасьцi сёлета таксама вярнулi латыскаму народу, прычым кажуць, што ў працэсе вяртаньня былому дырэктару далi аўтаматным прыкладам па галаве.

Не сказаць, каб я надта шкадаваў адданага прыхiльнiка раманаў А. Чакоўскага, але йсьцi да Дому творчасьцi мне неахвота. Замест гэтага я паварочваю да мора.

Ад колiшнiх гаманлiвых гурмаў савецкiх працоўных, што прыяжджалi прыгожа адпачыць i паправiць здароўе працэдурамi ды гарэлкаю "Кристалл" з рыскiм бальзамам, цяпер засталося толькi некалькi самотных постацяў. Я вiтаюся з морам, i нiхто не замiнае нашай элегiчнай размове.



9 из 13