На добры лад гэтыя трыста даляраў павiнна было б узяць на сябе Мiнiстэрства культуры РБ. У Вячкавай майстэрнi перавярнулася добрая палова нашага Саюзу мастакоў i чвэртка Саюзу пiсьменьнiкаў. Зь яе вакна бачылi вежачку на даху суседняга дома Ўладзiмер Караткевiч i Рыгор Барадулiн, Стафанiя Станюта й Павал Дубашынскi.

Калi ў Мiнiстэрства няма грошай на майстэрню, дзе апрача музаў зьбiраюцца на свае паседжаньнi сябры беларускага культурнага таварыства ў Рызе "Сьвiтанак", няхай купляе на рынку коцiка-скарбонку й пачне зьбiраць СКВ хоць на Целешаву Кнiгу гасьцей. Ужо сёньня гэты фалiянт у брунатным пераплёце дасьць фору шмат якiм зборам твораў. Ня буду стамляць iмёнамi народных i заслужаных (афiцыйна й не), вядомых i невядомых (накшталт аўтаркi сьцiплага запiсу "Вячку я считаю мужчиной"), жывых i адляцелых у вечны вырай, дзе iх таксама грэе ўспамiн пра рыскае гарышча.

Адных вершаў тут хопiць на самавiты зборнiк - ад просьценькiх спробаў зарыфмаваць "Целеш" - "келiх" да выведзеных цьвёрдай рукою Караткевiча амаль клясычных радкоў:

З майстэрнi мiлай пана Вячкi

Паўзьлi мы ледзь не на карачках.

I дух наш ледзь трымаўся ў целе,

Калi дамоў пусьцiў нас Целеш.

Настальгiю па былых часiнах, калi спадар Лецка яшчэ не ўзначальваў беларусаў сьвету дый усе мы жылi лёгка й бесклапотна, абуджаюць радкi ахвярнага песьняра Целешавага Парнасу С.Панiзьнiка:

Хто нi быў у майстра Вячкi!

I лiцьвiнкi, i палячкi

Заключалi творчы пакт.

Вось вам ню, а вось вам акт...

Свой хацеў пакiнуць ген

Лецка, той, якi - Яўген...

О tеmроrа, о mоrеs!

Пакiдаючы мяне нанач у майстэрнi, гаспадар раiць не хадзiць на вечаровы шпацыр. Найлепей бавiць рэшту вечара тэт-а-тэт зь ягонай найбагацейшаю ў сьвеце калекцыяй беларускiх паштовых картак.



4 из 13